Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ МЫТНІКІ КАНФІСКУЮЦЬ СЕЛЬГАСПРАДУКЦЫЮ, ЯКОЙ КАЛГАСЫ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ РАСПЛОЧВАЮЦЦА З УКРАІНСКІМІ РАБОТНІКАМІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Штогод грамадзяне Ўкраіны, што жывуць на памежных зь Беларусьсю тэрыторыях, шукаюць працу ў калгасах Берасьцейскай вобласьцi. Дагэтуль такое становiшча цалкам задавальняла кiраўнiкоў беларускiх гаспадарак. У большасьцi калгасаў зараз не хапае людзей, якiя б жадалi працаваць у цяперашнiх эканамiчных умовах. Гаспадаркi ня здольныя разьлiчыцца з вяскоўцамi грашыма за iхнюю працу.

У сваю чаргу, грамадзяне Ўкраiны гатовыя атрымлiваць свой заробак не грашыма, а часткай сабранага ураджаю – зернем, бульбай, цукровымi буракамi. Дзеля гэтага памiж кiраўнiцтвам калгасаў i ўкраiнцамi мусiць быць заключаная адпаведная дамова. Але мытныя ды памежныя службы Беларусi звычайна ня лiчаць гэтыя дамовы законнымi. У вынiку за апошнiя два гады толькi ў судовых установах Берасьцейшчыны разглядалася больш за два дзясяткi падобных справаў. Амаль усе яны скончылiся аднолькава: сельгаспрадукцыя, якой быў выплачаны заробак грамадзянам Украiны ў калгасах, канфiскоўвалася ў даход беларускай дзяржавы.

У консульстве Ўкраiны ў Берасьцi сёньня паведамiлi, што ня маюць рэальных магчымасьцяў, каб выправiць становiшча. Насамрэч беларускае заканадаўства не прадуглеждвае, каб з грамадзянамi iншай дзяржавы разьлiчвалiся, так бы мовiць, натурай. Неаднаразовыя звароты ў дзяржаўныя ўстановы Беларусi, непасрэдны ўдзел украiнскiх дыпляматаў у судовых слуханьнях пакуль не даюць станоўчых вынiкаў.

Але сёлета ад недасканаласьцi заканадаўства церпяць ужо ня толькi падманутыя жыхары Ўкраiны, але i беларускiя гаспадаркi. Так, гарадзкi суд Пiнску прыняў рашэньне канфiскаваць 25 тон збожжа, а таксама два аўтамабiлi i два трактары, што належаць калгасу iмя Ленiна Драгiчынскага раёну. Кiраўнiцтва калгасу ў асобе галоўнага агранома было абвiнавачанае ў тым, што спрыяла ўкраiнскiм грамадзянам у перасячэньнi дзяржаўнай мяжы па-за пунктам памежнага кантролю. Паводле вэрсii пiнскiх памежнiкаў, якiя затрымалi калгасны транспарт, калёна наўмысна зьехала з асноўнай аўтамагiстралi. Зроблена гэта было дзеля таго, каб нелегальным чынам трапiць на Ўкраiну i пазьбегнуць мытных выдаткаў за вываз зерня.

Такi зыход судовай справы, на думку адмыслоўцаў, можа iстотна паўплываць на паводзiны калгаснага начальства. Пагроза згубiць тэхнiку прымусiць кiраўнiкоў гаспадарак адмовiцца ад запрашэньня на часовую працу iншаземных грамадзянаў i разьлiкаў зь iмi сельгаспрадуктамi. Што тычыцца выплаты заробку толькi грашыма – для большасьцi беларускiх калгасаў гэта застаецца недасягальнай марай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG