Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ІМКНЕЦЦА КАМПЭНСАВАЦЬ КРЫТЫКУ МАСКВЫ


Віталь Тарас, Прага

Як удакладніў кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КГБ Беларусі Юры Котаў, супрацоўнікі КГБ затрымалі Ўмхаева 29 жніўня ў адміністрацыйным парадку. Раней Цэнтар інфармацыі КГБ паведамляў, што расейскія спэцслужбы гэтага чалавека не шукаюць і ягонай дэпартацыі не патрабуюць. Паводле расейскіх інфармацыйных агенцтваў, зараз Умхаеў перададзены ў юрысдыкцыю МУС і знаходзіцца ў спэцпрыёмніку–разьмеркавальніку Партызанскага раёну Менску.

Дзеяньні беларускіх спэцслуцжбаў мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніка расейскай службы Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага, які шмат гадоў працаваў ваенным карэспандэнтам у Чачэніі. Вось што сказаў Андрэй Бабіцкі ў сувязі з арыштам Сайпудзі Умхаева:

(Бабіцкі: ) “Я спрабаваў высьветліць, ці сапраўды ён меў адносіны да нейкіх ваенізаваных структураў у перадваенны пэрыяд. На жаль, ніхто гэтага ня ведае. Але гэта і ня дзіўна, таму што вельмі многія чачэнцы ў пэрыяд паміж дзьвюма войнамі запісваліся ў якія-небудзь ваенізаваныя ўтварэньні і атрымлівалі розныя званьні. Фактычна, у кожным двары быў генэрал, альбо брат генэрала, ці нехта яшчэ, хто меў значны тытул. І гэтыя тытулы чачэнцы ахвотна дэманстравалі.

Такіх людзей зараз агромністая колькасьць ва ўсіх краінах СНД і за мяжой – тых, хто сапраўды неяк ускосна меў дачыненьне да розных ваеных ці дзяржаўных структураў. Аднак, калі яны ня ўдзельнічалі ў канкрэтных баявых апэрацыях (бо па кожнай такой апэрацыі расейская вайсковая пракуратура вядзе крымінальнае сьледзтва), іхныя імёны ня значацца ў сьпісах дзеля вышуку. Я думаю, што ўсе, хто ўдзельнічаў у апэрацыі ў Першамайскім, выяўленыя, і іхныя прозьвішчы добра вядомыя органам пракуратуры, МУС Расеі.

Я думаю, што сытуацыя тут, так бы мовіць, паўтарае мадэль беларуска-расейскіх адносінаў у цэлым. Зараз Лукашэнка, як мы ведаем, публічна досыць крытычна выказваецца на адрас расейскага кіраўніцтва, расейскага прэзыдэнта. Але ён з тых людзей, якія, робячы канфліктіныя крокі на публіцы, тым ня менш, імкнуцца іх неяк кампэнсаваць таемна, за кулісамі. Арышт Умхаева павінен быў адыграць ролю такога падарунку, які беларуская дзяржбясьпека робіць па нейкіх унутраных, схаваных ад вачэй каналах расейскай бясьпецы. Але як і многае іншае ў расейска-беларускіх адносінах, з усяе гэтай задумы выйшла ў выніку бязглузьдзіца. Бо расейскім органам бясьпекі гэты чалавек не патрэбны – таксама як і дзясяткі тысяч іншых чачэнцаў, якіх можна затрымліваць пачкамі, але прозьвішчаў якіх, як я ўжо сказаў, няма ў сьпісе тых, каго шукаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG