Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ ДАЛІ ШАНЕЦ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Бацька астыў да ідэі цеснага дзяржаўнага аб’яднаньня”, – піша віцэ-прэзыдэнт Расейскай асацыяцыі палітычнай навукі Ігар Якаўлеў у артыкуле “Лукашэнку далі шанец”, які друкуе сёньняшняя газэта “Вести”.

Апошняе абвастрэньне расейска-беларускіх дачыненьняў – вынік не заўсёды дыпляматычных выказваньняў Лукашэнкі, які цяпер імкнецца “захаваць аблічча”, пасьля свайго вымушанага звароту да ідэяў дамовы 1999 году, пакладзеных у падмурак стварэньня саюзнай дзяржавы. Сэнс гэтага звароту ў прапанове Лукашэнкі надаць саюзнай дзяржаве рысы не дзяржавы, а нейкага “міждзяржаўнага ўтварэньня новага тыпу”, аналягічнага СНД. “Нешта накшталт і сям’ю захаваць, і набок зьбегаць,” – піша Ігар Якаўлеў і нагадвае, што аўтарам гэтай навацыі быў былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Леанід Козік. Менавіта ён напісаў опус “Прынцыпы Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы”, у якім і была сфармуляваная ідэя мякчэйшай формы беларуска-расейскага аб’яднаньня.

У адказ Пуцін прапанаваў надаць саюзнай дзяржаве больш жорсткі, кансалідаваны характар.

У выніку Лукашэнка зьняў Козіка з пасады і – піша Якаўлеў – “кінуў гэтага “наватара” на кіраўніцтва прафсаюзамі”, што “можна разглядаць як адмову ад “Прынцыпаў Кастытуцыйнага акту” і зьмену беларускім лідэрам пазыцыі ў справе пабудовы саюзнай дзяржавы.

У часе жнівеньскай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка паспрабаваў вярнуцца да пунктаў дамовы 1999 году, аднак Пуцін ужо прыняў гульню, ініцыяваную беларускім бокам, і прапанаваў тры варыянты разьвіцьця саюзнай дзяржавы: у адпаведнасьці з дамовай 1999 году, паводле прынцыпаў Эўразьвязу і ў форме адзінай фэдэратыўнай дзяржавы.

Гэткім чынам – піша Ігар Якаўлеў – апошнія заявы Лукашэнкі аб тым, што Беларусь ні пад якім ціскам ня пойдзе на разбурэньне згаданай дамовы, выглядаюць сьмешнавата. “Беларускі бок кінуў у ваду камень, а калі ўбачыў, што хвалі ад яго большыя, чым чакалася, паспрабаваў заявіць, што камень не ягоны. Пачакаем, пакуль кругі на вадзе разыйдуцца. Тады можна будзе вярнуцца да кантруктыўнай працы будаўніцтва расейска-беларускай дзяржавы”, – рэзюмуе Якаўлеў і дадае, што расейскі прэзыдэнт даў шанец свайму беларускаму калегу ня страціць аблічча.
XS
SM
MD
LG