Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ З ПОЛАЦКАГА РЫНКУ ПРАВЯЛІ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньняшні страйк прайшоў з ініцыятывы віцебскіх сяброў прафсаюзу “Садружнасьць”. 6 верасьня сябры “Садружнасьці” зладзілі страйк на Смаленскім рынку ў Віцебску, а цяпер іхную ініцыятыву падтрымалі гандляры ды прадпрымальнікі з Полацкага рынку.

Патрабаваньні ўдзельнікаў і сёньняшняга, і мінулага страйку аднолькавыя: прадпрымальнікі незадаволеныя апошнімі эканамічнымі пастановамі беларускага ўраду, якія, паводле іхнага меркаваньня, ня толькі ствараюць перашкоды дзеля разьвіцьця малога бізнэсу, але й вядуць проста да банкруцтва тых, хто яшчэ спрабуе гэты бізнэс разьвіваць.

Таму прадпрымальнікі патрабуюць ад уладаў краіны адмяніць пастановы аб увядзеньні касавых апаратаў, зьменшыць стаўкі адзінага падатку ды памер тых сродкаў, якія з 1 верасьня трэба адлічваць у Фонд сацыяльнае абароны.

Гэтыя патрабаваньні аднагалосна падтрымалі ня толькі віцебскія прадпрымальнікі, але й прадпрымальнікі з Полацку, Наваполацку ды Воршы, стварыўшы пры гэтым уласную кааліцыю ды падкрэсьлена не далучыўшыся да агульнарэспубліканскага страйкавага руху на чале з Валерам Леванеўскім. Прадпрымальнікі Віцебшчыны плянуюць ня ўдзельнічаць у агульнабеларускім бестэрміновым страйку, затое часьцей праводзіць аднадзённыя страйкі ў сваіх гарадох. Гэткім чынам яны плянуюць найперш вырашыць лякальныя праблемы – у прыватнасьці, праблемы мясцовых падаткаў.

Учора з патрабаваньнямі ўдзельнікаў прадпрымальніцкіх страйкаў пазнаёміліся ў Віцебскім аблвыканкаме. Паводле словаў намесьніка начальніка Абласнога упраўленьня прадпрымальніцтва Віктара Якуненкі, гэтыя патрабаваньні будуць прадстаўленыя да разгляду на сэсіі абласнога Савету 25 верасьня.
XS
SM
MD
LG