Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЭМЛЬ КАМЭНТУЕ ЛУКАШЭНКАВУ ПРАМОВУ НА НТВ


Юры Сьвірко, Менск

Міністэрства замежных справаў Расеі “зь вялікім зьдзіўленьнем” сачыла за выступам Аляксандра Лукашэнкі ў жывым эфіры расейскае тэлекампаніі НТВ. Начальнік аддзелу апэратыўнае інфармацыі МЗС Расеі Ўладзімер Ашуркаў сказаў мне толькі, што рэагаваць на гэтыя заявы Лукашэнкі будзе Крэмль — гэта ягоная кампэтэнцыя.

Словы прадстаўніка расейскага МЗС спраўдзіліся, калі я патэлефанаваў у прэсавую службу прэзыдэнта Расеі. Пачуўшы просьбу пра камэнтар, мяне злучылі з начальнікам управы прэсавай службы Міхаілам Калмыковым, які сёньня выконвае функцыю прэсавага сакратара Ўладзімера Пуціна.

Як патлумачылі мне ў Крамлі, цярпеньне скончылася, і таму сёньня вырашылі нарэшце даць адказ на закіды Аляксандра Лукашэнкі.

Спадар Калмыкоў, які глядзеў учорашні эфір НТВ, заявіў:

(Калмыкоў: ) “Можа быць, я неяк ня вельмі ў курсе выказваньняў “бацькі”, я ня ведаю. Не, я бачыў, так, але ён жа гэты тэзыс, па-мойму, раней яшчэ разьвіваў — што там прэсавая служба ў апошні момант падсунула нейкі аркушык Пуціну... Ну, я проста хачу сказаць, што гэтыя дакумэнты ня прэсавая служба рыхтуе. Таму не да нас абсалютна пытаньне”.

Кіраўнік прэсавай службы расейскага прэзыдэнта Міхаіл Калмыкоў таксама пракамэнтаваў на маю просьбу Лукашэнкаву заяву пра тое, што з боку Масквы “былі толькі дзьве PR-акцыі” — прэсавая канфэрэнцыя ў Крамлі ды пасланьне Пуціна.

(Калмыкоў: ) “Чаму PR-аўская акцыя? Ёсьць пасланьне ад аднаго прэзыдэнта да іншага прэзыдэнта. Пасьля таго, як гэтае пасланьне было перададзенае прэзыдэнту Беларусі, мы распаўсюдзілі нават ня сам тэкст, а пераказ асноўнае думкі пасланьня”.

Міхаіл Калмыкоў дадаў, што Аляксандар Лукашэнка, відавочна, заблытаўся, бо Крэмль ня можа падазраваць яго ў наўмыснай хлусьні.

На маё пытаньне, як Крэмль увогуле ставіцца да падобных рэзкіх заяваў спадара Лукашэнкі на адрас прэзыдэнта Расеі, кіраўнік прэсавай службы Пуціна адказаў гэтак:

(Калмыкоў: ) “Ды не, я думаю, што ўсё йдзе сваёй чаргой, нармальна. Ідзе працэс абмеркаваньня пытаньня. Тут ня трэба баяцца, што нейкія будуць вострыя заўвагі з таго ці іншага боку. Звычайны, нармальны працэс, ёсьць прапановы, іх трэба неяк утрасаць і з таго, і зь іншага боку”.

Паводле спадара Калмыкова, у Крамлі зьвярнулі ўвагу, што пра Ўладзімера Пуціна яшчэ ніхто з замежных кіраўнікоў на расейскім тэлеканале так рэзка не выказваўся. Але ўчорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі толькі пацьвярджае плюралізм кіраўніцтва Расеі:

(Калмыкоў: ) “Лішні раз паказваем, што мы гатовыя выслухаць любы пункт погляду. Тым больш ад саюзьніка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG