Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАД МЕНСКАМ АМАЛЬ ТЫДЗЕНЬ ВІСІЦЬ ГУСТЫ СМОГ


Ганна Соўсь, Менск

Як паведамілі Радыё Свабода ў Цэнтры радыялягічнага кантролю Белгідрамэту, апошнімі днямі ў Менску ўзровень атмасфэрнага забруджваньня ўзрос у паўтара-два разы.

(Супрацоўніца Белгідрамэту: ) “Адзначаюцца выпадкі высокага забруджваньня атмасфэрнага паветра. У тры разы максымум па аксыду вугляроду. Высокі ўзровень забруджваньня аміякам — у два з паловай разу, гэта гранічна дапушчальная канцэнтрацыя. І ўвогуле, такая неспрыяльная сытуацыя з забруджваньнем склалася ў апошні час — вельмі малыя магчымасьці ў атмасфэры для расьсейваньня забруджвальных рэчываў. У выніку ў прызямным слоі атмасфэры канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў ўзрасла”.

Гэта распавяла супрацоўніца Цэнтру радыялягічнага кантролю Белгідрамэту, якая не захацела называць сваё імя. Увогуле, экалягічная сытуацыя ў Менску чамусьці публічна не абмяркоўваецца, як, прыкладам, у Маскве ці Вільні, дзе з прычыны гарэньня тарфянікаў і сьпякотнага надвор’я таксама моцна забруджанае паветра. Намесьнік галоўнага санітарнага лекара Менску Анатоль Кіеня мяркуе, што менчукам пакуль панікаваць ня варта.

(Кіеня: ) “Няма складанай сытуацыі. Гараць тарфянікі ля Менску. Але не ў такім памеры, як ў Маскве”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна сьцьвярджаць, што гэтая сытуацыя цалкам бясьпечная для менчукоў?”

(Кіеня: ) “Не, яна цалкам небясьпечная, але не выклікае такой засьцярогі, як у Маскве”.

(Карэспандэнтка: ) “А можа, усё ж трэба прымаць пэўныя меры перасьцярогі? Я маю на ўвазе — прадаваць рэсьпіратары для людзей і гэтак далей...”

(Кіеня: ) “Рэсьпіратары ня трэба прадаваць, марлевыя павязкі не патрэбныя. Трэба тушыць пажары”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа, усё ж людзям, якія маюць астматычныя захворваньні ды алергічныя праяўленьні, трэба менш бываць на вуліцы?”

(Кіеня: ) “Ніякіх абмежаваньняў абсалютна няма. Можна выходзіць, гуляць па Менску. Сытуацыя ў горадзе не выклікае ніякай трывогі”.

Іншае стаўленьне да гэтай праблемы ў галоўнага рэдактара экалягічнага выданьня “Белавеская Пушча” Валера Дранчука:

(Дранчук: ) “Што такое гарыць балота? Сёньня балоты — гэта скопішчы звалак. Што туды везьлі на працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў, можна толькі здагадацца. Там і мэдыкамэнты можна адшукаць, там усялякую халеру можна знайсьці. Калі лес гарыць, гэта ня значыць, што драўніна гарыць, гэта значыць, гарыць і гэтае сьмецьце. На вялікі жаль, балоты сёньня ў сьметніках. Таму казаць, калі гарыць балота, што нічога, гэта гарыць торф — гэта закідваць шапкамі праблему”.

Актывіст экалягічнага руху Валер Дранчук мяркуе, што ў гэтай сытуацыі адпаведныя тлумачэньні грамадзкасьці наконт экалягічнай сытуацыі ў Менску мусілі былі шырока распаўсюдзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў ды Міністэрства аховы здароўя. Але гэтага не адбылося, сытуацыя замоўчваецца, мяркуе Дранчук.

Што да прычынаў густога смогу над Менскам, то міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў лічыць, што ня варта сьпісваць усё на гарэньне тарфянікаў.

(Астапаў: ) “Вакол Менску бліжэй за 30 кілямэтраў нічога не гарыць. Надвор’е, сапраўды, незвычайнае. Адсутнасьць актыўнай цыркуляцыі не дазваляе паветру падняцца... Гэта ж прадукты няпоўнага гарэньня, і ў сумесі зь іншымі прымысловымі выкідамі, аўтамабільнымі газамі ўсё гэта разам называецца проста смог”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG