Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VOX POPULI: ЯК АЦЭНЬВАЮЦЬ МЕНЧУКІ ВЫНІКІ КІРАВАНЬНЯ ЛУКАШЭНКІ?


Ганна Соусь, Менск

Каб даведацца, як ацэньваюць менчукі вынікі апошняга году прэзыдэнцтва Лукашэнкі, я прыйшла на Кастрычніцкую плошчу, месца, куды год таму 9 верасьня пасьля галасаваньня прыйшлі людзі, каб даведацца пра вынікі выбараў. Сёньня большасць мінакоў, зь якімі я размаўляла тут, ужо ня памятаюць, што адбывался на плошчы год таму. Але яны добра памятаюць, як галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Cпадар: ) "Супраць Лукашэнкі, таму што эканоміку падымаць трэба, а прэзыдэнт ня можа".

(Спадарыня: ) "Памятаю, галасавала за Лукашэнку”.

(Спадар: ) “За старшыню прафсаюзаў галасаваў”.

(Спадарыня: ) “Я ні за каго не галасавала. Тое, што мяне вельмі насьцярожвае, што ў нас у дзяржаве няма за каго галасаваць”.

(Спадарыня: ) “Памятаю, як галасавалі. Колькі галасавалі супраць Лукашэнкі, столькі зрабілі за яго, супраць Ганчарыка. Але Ганчарыка ён зьеў, паставіў свайго Козіка”.

(Спадар: ) “Я ніяк не галасаў. А нашто? Усё роўна выбары адбудуцца і бяз гэтага”.

(Спадарыня: ) “За Лукашэнку я б ніколі не галасавала".

Як зьмянілася жыццё людзей за мінулы год, іхны ўзровень жыцьця? Адказы на гэтыя пытаньні былі розныя:

(Спадарыня: ) “Палепшылася. Сталі мы лепш жыць. Я інвалід 1 групы. Я спадзяюся, што Лукашэнка ад нас нічога не адбярэ. А то гавораць, што ў нас зьбіраюцца адабраць усе льготы. Я ня веру, што адбярэ”.

(Спадар: ) “На маю думку, не палепшылася. Як і кожны год – усё горш і горш. Трэба перавыбіраць”.

(Другі спадар: ) “Нічога не зьмянілася. Чаго ад яго чакалі, то й ідзе. Перамен да лепшага ніякіх. Інтэграцыя з Расеяй”.

(Спадарыня: ) “Канечне, у горшы бок зьмянілася маё жыцьцё. Няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Лунаюць чуткі, што пэнсія будзе мала павялічвацца, і што тым пэнсіянэрам, хто працуе, будуць даваць толькі 70 адсоткаў заробку. На 30 адсоткаў менш”.

(Другая спадарыня: ) “Калі браць матэрыяльна – тое, што было паўгоду, год таму й цяпер – зусім розныя рэчы. Па-першае, кватэрнае пытаньне ніяк ня вырашанае. Увогуле, за тыя гады, што ён ва ўладзе, жыцьцё лепшым ня стала. Наадварот, толькі горш. Раней хадзілі з 5 тысячамі ў краму, а цяпер і з 10 няма чаго рабіць у ёй”.

(Спадарыня: ) “Я бы не сказала, што нешта там зьмянілася, але горш ня стала”.

Людзі на вуліцы кожны па-свойму ацэньвалі вынікі мінулага году.

(Спадарыня: ) “Мне імпануе ягоная барацьба за дысцыпліну. Я думаю, што ў гэтым напрамку ён зрабіў шмат. Але ёсьць і іншыя рэчы. Трэба больш увагі надаваць эканоміцы й дзяржслужачым”.

(Другая спадарыня: ) “Я гляджу, што ўсе сілы былі кінутыя на прывядзеньне Менску ў парадак, а пра людзей менш думалі”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Наш прэзыдэнт любіць рабіць усё наскокам. Паглядзіце, прыкладам, на тую кальцавую дарогу. Яна ў мяне за домам. На яе ўваходзіш, дык страшна – горад узяты ў кальцо. Тыя ж самыя Курапаты – навошта? Гэта вельмі неабдуманнае рашэньне”.

(Спадарыня: ) “Ды нічога не дасягнуў. Тое, што ён будуе дарожкі, каткі, то ня гэта патрэбнае людзям. Нічога добрага за гэты год я ад яго ня ўбачыла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG