Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДСУТНАСЬЦЬ МАЛАФЕЕВА НА ГУЛЬНІ БЕЛАРУСКАЙ ЗБОРНАЙ З КАМАНДАЙ ГАЛЯНДЫІ ПАЎПЛЫВАЛА НА ВЫНІК МАТЧУ


Ігар Карней, Менск

Спроба галоўнага трэнэра Эдуарда Малафеева пакінуць каманду напярэдадні адказнага матчу, якая вылілася ў працяглы скандал, не дадала гульцам станоўчых эмоцыяў. Да таго ж, сам Малафееў, які ўрэшце зьмяніў рашэньне, апынуўся ў шпіталі і ў Галяндыю не паехаў зусім. Спадзяваньні беларускіх заўзятараў на пасьпяховы дэбют нацыянальнай футбольнай зборнай ня спраўдзіліся.

У шпіталь Эдуард Малафееў патрапіў якраз напярэдадні вылету сваіх выхаванцаў у Эйндховэн. Мэдычнае абсьледаваньне паказала, што ў трэнера праблемы з сэрцам, і кардыяхірургі рэкамэндавалі яму стацыянарнае лячэньне. Я патэлефанаваў Эдуарду Васілевічу ў шпіталь, але ён, спаслаўшыся на хваробу, адмовіўся аналізаваць вынікі суботняга матчу:

(Малафееў: ) "Дарагі ты мой чалавек, ну што я табе скажу? Нічога не скажу. Што ты хочаш пачуць? Я ляжу ў шпіталі, у мяне свае праблемы. Дзякуй, што тэлефануеш, рады цябе чуць".

У той час, як спадзяваньні на станоўчы вынік ня спраўдзіліся і каманда Малафеева патрапіла пад вострую крытыку, маладзёвая зборная пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса там жа, у Эйндховэне, перамагла супернікаў з мінімальным лікам 1:0. Але, прыняўшы віншаваньні, камэнтаваць гульню "дарослай" каманды Юры Пунтус палічыў неэтычным:

(Пунтус:) "Не-не, зразумейце правільна, маральна мне цяжка ў гэтай сытуацыі абмяркоўваць ці асуджаць калегу. Вы каго-небудзь іншага запытайцеся, знайдзіце адмыслоўца".

А вось колішні брамнік менскага "Дынама" Іван Жэкю на інтэрвію згадзіўся ахвотна. І назваў шэраг прычынаў, якія маглі паўплываць на разгром беларусаў у Галяндыі:

(Жэкю: ) "Ня могуць "Жыгулі", нават калі яны новыя, абагнаць "Мэрсэдэс". Прайгралі з-за ўзроўню. Ну, а што тычыцца Малафеева... Натуральна, быў бы станоўчы вынік, усё б згладзілася. У іншых камандах трэнэры таксама пакутуюць на сэрца — прыкладам, у "Лівэрпулі". Але пры гэтым каманда выйграла ўсё і ва ўсіх. Безумоўна, адмоўныя эмоцыі хлопцы атрымалі. Эдуард Васільевіч ўмее псыхалягічна зараджаць людзей; на трэніроўцы вочы ў гульцоў гарэлі. Але чагосьці не хапіла. Галяндцы аказаліся на галаву вышэйшыя за нашых. Яны доўга не "сьвяціліся" на міжнароднай арэне, і паразу заўзятары ім проста не даравалі б".

На думку Івана Жэкю, кіраўніцтва каманды так і ня здолела знайсьці замену траўмаванаму Валянціну Бялькевічу. Адсутнасьць форвардаў па-сапраўднаму эўрапейскай клясы заўсёды была слабым месцам зборнай. Без Малафеева схема пабудовы гульні аказалася невыразнай.

Калі галоўны трэнэр футбольнай зборнай вернецца да асноўнай працы, лекары не камэнтуюць. Усё будзе залежаць ад таго, ці хутка арганізм Эдуарда Малафеева станоўча адрэагуе на курс рэабілітацыі і ад гатовасьці самога трэнэра выконваць жорсткія патрабаваньні лекараў да рэжыму ягонай працы і адпачынку. Прынамсі, ёсьць спадзяваньні, што напярэдадні наступнага матчу адборачнага турніру 12 кастрычніка з аўстрыйцамі Малафееў набудзе ранейшую форму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG