Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА ПРАЦЯГНУЦЬ ВІЗУ ЯШЧЭ АДНАМУ СУПРАЦОЎНІКУ КНГ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Тэрмін дзеяньня беларускай візы грамадзянкі Злучаных Штатаў Амэрыкі Мэгам Фітцджэральд завяршаецца 12 верасня. Згодна з дыпляматычнай практыкай, спадарыня Фітцджэральд зьвярнулася ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з просьбаю падоўжыць тэрмін дзеяньня яе дакумэнтаў. Аднак МЗС не задаволіла просьбу.

Прэасавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка адмовіўся камэнтаваць гэтае рашэньне.

Мэгам Фітцджэральд пачала працаваць у КНГ АБСЭ сёлета са студзеня. Праўда, Беларусь яна ведала і раней, бо пэўны час была супрацоўніцай амбасады ЗША ў Беларусі. Пасьля таго як беларускія ўлады вымусілі пакінуць Беларусь спадароў Віка, Рывалье і Карпэнтэра, рашэньнем АБСЭ менавіта яна была адказнай за працу Кансультацыйна-назіральнай групы. Другая замежная супрацоўніца групы Аліна Жасану з Малдовы ёсьць адказнай толькі за тэхнічныя пытаньні працы. Больш на сёньняшні дзень замежных супрацоўнікаў у КНГ няма.

Такім чынам, храналёгія ад'езду зь Беларусі супрацоўнікаў КНГ выглядае гэтак: сьнежань 2001 году – кіраўнік групы Ганс-Георг Вік, красавік 2002 году – выканаўца абавязкаў кіраўніка групы Мішэль Рывалье, чэрвень 2002 году – часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Эндру Карпэнтэр.

Вось як камэнтуе такія паводзіны афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі ў ПА АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Такім дзеяньням беларускіх уладаў ужо можна паставіць мэдычны дыягназ, бо зараз, калі Расея паддушвае і не дае самастойна вырашаць сваю палітычную пэрспэктыву, найлепшым выйсьцем для беларускіх уладаў было б не спрачацца з Захадам, а наадварот, наладжваць новыя масткі, шукаць новыя кантакты. І тое, што працягваецца такая ўпартая палітыка ў стаўленьні да КНГ, гэта ёсьць самая недальнабачная палітыка, якую толькі можна правесьці ў стаўленьні да Эўропы. Тым больш, што зараз рыхтуецца ў Страсбуры разгляд на сэсіі ПАРЭ беларускага пытаньня, рыхтуецца стварэньне адмысловай камісіі, якая будзе займацца, у прыватнасьці, і лёсам зьніклых палітыкаў. У гэтых умовах было б больш разумна зьняць гэтае пытаньне, запрасіць спадара Гайкена працаваць, наладжваць новыя кантакты. Тое, што ўлада робіць зараз, гэта ёсьць палітычным самагубствам”.
XS
SM
MD
LG