Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ГУЛЬНЯ, ЯКУЮ РАСПАЧАЎ ЛУКАШЭНКА, НІЧЫМ ДОБРЫМ ДЛЯ ЯГО НЯ СКОНЧЫЦЦА”


Віталь Тарас, Прага

Як паведаміла агентцва АР, Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў спробах сарваць аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў. Пры гэтым кіраўнік Беларусі адпрэчыў апошнія прапановы расейскага прэзыдэнта. Паводле яго словаў, у пасланьні Пуціна ўтрымліваецца “загадзя непрымальная для Беларусі ініцыятыва інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі”. “Я ніколі не адыходзіў і не адыйду ад палітыкі інтэграцыі з Расеяй”, – сказаў Лукашэнка далей. І дадаў: “Калі кіраўніцтва Расеі хоча дэнансаваць дамову аб саюзе, дык калі ласка, толькі ў аднабаковым парадку. Бяз нас. Беларусь у гэтым удзельнічаць ня будзе”.

Нагадаем, што ў пасланьні прэзыдэнта Пуціна, перададзеным у МЗС Беларусі два дні таму, утрымлівалася прапанова стварыць рабочую групу, якая б разгледзела тры варыянты далейшай інтэграцыі – поўнае зьліцьцё ў адзіную дзяржаву, аб’яднаньне на падставе мадэлі Эўрапейскага Зьвязу, а таксама працяг працы над саюзнай дамовай. Акрамя першага, Аляксандар Лукашэнка назваў непрымальным і другі варыянт, паколькі інтэграцыя паводле мадэлі ЭЗ, на думку беларускага кіраўніка, азначае скасаваньне дзейнай беларуска-расейскай саюзнай дамовы. Ён таксама выказаўся супраць адмысловый рабочай групы, якую прапанаваў стварыць Пуцін.

Камэнтуючы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, сьпікер дзярждумы Генадзі Селязьнёў заявіў, што ня можа быць і гаворкі аб дэнансацыі саюзнай дамовы. Ён сказаў, што праціўнікі інтэграцыі могуць быць і ў расейскім урадзе, і сярод бізнэс-эліты, але, на думку сьпікера, канчатковую пазыцыю ў гэтым пытаньні павінны выказаць народы Расеі і Беларусі.

А вось кіраўнік камітэту думы ў міжнародных справах Дзьмітры Рагозін выказаў зьдзіўленьне наконт выказваньняў беларускага лідэра. Ён назваў неадэкватнай рэакцыю Лукашэнкі на прапановы расейскага боку. Рагозін, у прыватнасьці, заявіў: “штосьці сур’ёзнае адбываецца ў ягоным найбліжэйшым атачэньні, і менавіта гэта выклікае ягонае скрайняе раздражненьне наконт зусім звычайных і цалкам прымальных прапановаў адносна расейска-беларускага саюзу”.

“Гульня, якую распачаў Лукашэнка, нічым добрым для яго ня скончыцца”, – такое меркаваньне выказаў лідэр фракцыі “Единство” Ўладзімер Пехцін.
XS
SM
MD
LG