Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ АГП АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ВІКТАРА ГАНЧАРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай на галоўную пляцоўку парка Горкага прыйшло каля 10 сябраў Віктара Ганчара з Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Там яны ўсталявалі вялікі партрэт зьніклага амаль 3 гады таму палітыка, а на століку паставілі вялікі торт з запаленымі сьвечкамі – галоўны сымбаль дня нараджэньня.

Да актывістаў АГП адразу ж падышлі некалькі міліцыянтаў:

(Міліцыянт: ) " Проста торт будзеце есьці?"

(Клімаў: ) "Так, з нагоды дня нараджэньня Віктара Ганчара, яму сёньня 45 гадоў. Маё прозьвішча Клімаў, я гатовы ўзяць на сябе забесьпячэньне парадку".

Міліцыянты ўдзельнікам акцыі больш не перашкаджалі, толькі здымалі сябраў АГП на відэа.

Калега Віктара Ганчара па Вярхоўным Савеце, былы палітвязень Андрэй Клімаў так патлумачыў, чаму так адзначаецца дзень нараджэньня зьніклага сябра:

(Клімаў: ) "Гэта сустрэча сяброў па Аб'яднанай грамадзянскай партыі і проста неабыякавых людзей, якія ў гэты дзень хочуць узгадаць Віктара Ганчара, адзначыць яго дзень нараджэньня думкамі зь ім. Мы натуральна, ўсе хацелі б спадзявацца, што ён жывы, але пакуль яго няма, гэта не зусім сьвята. Гэта хутчэй сумны дзень, але гэта й не хаўтуры. Бо мы пэўныя, што колькі б гадоў не мінула, ён заўсёды будзе побач з намі".

А вось што сказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) " У нас ёсьць надзея, хоць невялікі, але шанец на тое, што Віктар жывы. І я думаю, што тут ня трэба жалобных стужак, мы проста памятаем, што сёньня нашаму сябру Віктару Ганчару 45 гадоў, і гэта сьвяткаваньне, магчыма сумнае, але тым ня менш. Будуць падыходзіць людзі, дзеці – няхай яны таксама ведаюць, кім быў і ёсьць Віктар Ганчар".

Роўна аб 11 гадзіне сьвечкі былі патушаныя, і арганізатары сьвяткаваньня пачалі частаваць мінакоў тортам.

Высьветлілася, што людзі амаль нічога ня ведаюць пра лёс Віктара Ганчара, а некаторыя нават блыталі яго з былым лідэрам Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімерам Ганчарыкам:

(Карэспандэнт: ) " Скажыце, вы што-небудзь ведаеце пра Віктара Ганчара?"

(Жанчына: ) "Ведаем, што ён выступае за тое, каб Беларусь была вольнай, самастойнай і дэмакратычнай. Вялікую ўвагу надаваў беларускай мове й школам".

(Іншая кабета: ) "Ён прафсаюзны дзеяч, былы кандыдат у дэпутаты, але што зь ім здарылася, ня ведаю".

(Два падлеткі: ) "Не, ня чулі, зусім ня ведаем. – І я таксама".

Актывісты АГП гавораць, што будуць і надалей інфармаваць людзей пра лёс зьніклых вядомых людзей, каб кожны ў Беларусі ведаў, што зь імі здарылася.

16 верасьня, у дзень зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, у 50 рэгіёнах Беларусі пройдзе традыцыйны "Ланцуг неабыякавых людзей", а ў 15 краінах Эўропы адбудуцца пікетаваньні беларускіх амбасадаў.
XS
SM
MD
LG