Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ ЗАЯЎЛЯЕ АБ СТВАРЭНЬНІ КААЛІЦЫІ "ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЗ ДЫКТАТУРЫ"


Віталь Цыганкоў, Менск

"Пабудаваць дэмакратыю ў Беларусі коштам зьнішчэньня яе незалежнасьці немагчыма. Гэтаксама немагчыма зьберагчы незалежнасьць краіны пры далейшым панаваньні рэжыму Лукашэнкі. Выйсьце – у стварэньне шырокай кааліцыі, якая аб'яднае розныя сілы вакол адзінай стратэгіі ды скаардынаванай працы", – гэта цытата з Пастановы Сойму Партыі БНФ, які адбыўся сёньня ў сядзібе Фронту. Сойм прыняў рашэньне неадкладна прыступіць да стварэньня грамадзка-палітычнай кааліцыі "За незалежнасьць без дыктатуры", у якую запрашаюцца ўсе партыі, грамадзкія арганізацыі, прафсаюзы, што выступаюць супраць існуючага рэжыму і за незалежнасьць краіны. Цікава, што ў першай рэдакцыі пастановы было прапанавана стварыць кааліцыю "на аснове КРДС", але ў выніку дыскусіі словы пра КРДС былі зьнятыя. Большасьць сябраў Сойму палічыла, што рэглямэнт Каардынацыйнай Рады, адсутнасьць на паседжаньнях некаторых яе ўдзельнікаў не павінна зьвязваць рукі Фронту. Старшыня БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што ідэю аб кааліцыі ён прадставіў кіраўнікам партыяў і арганізацыяў, што ўваходзяць у КРДС, яшчэ ў панядзелак. Ідэю падтрымалі ўсе, акрамя кіраўніка АГП, які заявіў, што павінен параіцца з Палітсаветам сваёй партыі.

У інтэрвію для нашага Радыё Вінцук Вячорка адзначыў, што для БНФ ніколі не існавала і ня існуе дылемы – "незалежнасьць з Лукашэнкам альбо дэмакратыя з Расеяй".

(Вячорка: ) "Мы выдатна разумеем, што дэмакратыя з Усходу "на штыках" не прыносіцца. Мы бачым, што крытычны стан нашага сувэрэнітэту ўзьнік у выніку мэтанакіраванай разбуральнай дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі і ягонага залежнага ад Масквы рэжыму. Вось чаму мы змагаемся за незалежнасьць без дыктатуры, за незалежнасьць, але супраць гэтага рэжыму".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна казаць, што БНФ заяўляе, што КРДС сябе зжыла і запрашае ўсе сілы, якія выступаюць за незалежнасьць, уключацца ў кааліцыю, якую Фронт абвесьціў?"

(Вячорка: ) "Не. На маю думку, зжыла сябе Кансультацыйная Рада апазыцыйных палітычных партыяў, якіх не зьядноўваюць прынцыповыя каштоўнасьці. Што да Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў, то ў яе плятформе закладзеная вернасьць незалежнасьці Беларусі – гэта яе асноватворны прынцып. Таму я і кажу, што патрэбная рэарганізацыя КРДС і пераход, рост яе ў новую якасьць. Але менавіта рост, паводле прынцыпу пераемнасьці, выхад на новы ровень".

Сойм таксама прыняў праграму дзеяньняў БНФ на бліжэйшыя некалькі месяцаў. У яе ўвайшлі правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі пра шляхі ўваходу Беларусі ў Эўразьвяз, выпрацоўка канцэпцыі дачыненьняў Беларусі і Расеі як добрасуседскіх краінаў, нарада эканамістаў на тэму наступстваў увядзеньня расейскага рубля. Але, бадай, самае істотнае – рашэньне правесьці ў кастрычніку-лістападзе масавую акцыю ў абарону незалежнасьці краіны. "Незалежнасьць – гэта тое, што зараз цікавіць абсалютна ўсіх", – заявіў, напрыклад, Павал Севярынец. А Вінцук Вячорка заўважыў, што зараз, так бы мовіць, "дзякуючы Пуціну" ў сяброў Фронту зьявілася новая матывацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG