Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЎСЯ СТРАЙК НА СМАЛЕНСКІМ РЫНКУ Ў ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Паводле ацэнкі актывісткі прафсаюзу “Садружнасьць” Тамары Юневіч, на Смаленскім рынку ў Віцебску не працавалі сёньня 80% прадпрымальнікаў. Яны зладзілі папераджальны страйк, пратэстуючы супраць увядзеньня вялікіх падаткаў ды іншых грашовых выплатаў у абласны ды рэспубліканскі бюджэт.

Аднак на думку старшыні абласнога прафсаюзнага камітэту “Садружнасьці” Алега Азарава, гэтая акцыя ня мела ніякага сэнсу. Паводле ягоных словаў, асабліва вялікіх праблемаў у прадпрымальнікаў сёньня няма, бо беларуская дзяржава дастаткова пра іх клапоціцца ды імкнецца дапамагчы ў вырашэньні ўсіх магчымых праблемаў.

Шэраговыя сябры “Садружнасьці” мяркуюць іначай. На сходзе, які прайшоў а 10-й раніцы на Смаленскім рынку, віцебскія прадпрымальнікі распрацавалі шэраг патрабаваньняў да абласных ды вышэйшых уладаў, якія ў пісьмовай форме будуць дасланыя ў аблвыканкам ды Міністэрства эканомікі. Гэтыя інстанцыі выбраныя невыпадкова: частка патрабаваньняў выкліканая незадавальненьнем урадавай эканамічнай палітыкай, а частка – незадаволенасьцю ўвядзеньнем новых мясцовых падаткаў, зацьверджаных Віцебскім аблвыканкамам.

Невыпадкова абраны і дзень правядзеньня страйку: якраз сёньня ў Менску адбылася сустрэча супрацоўнікаў Міністэрства эканомікі з прафсаюзным актывам прадпрымальнікаў, незадаволеных апошнімі ўрадавымі пастановамі.

Дыялёг прадпрымальнікаў ды ўладаў мае быць працягнуты: 10 верасьня маюць адбыцца чарговыя перамовы ўраду з прадстаўнікамі прадпрымальніцкіх структураў. У гэты дзень віцебскія сябры “Садружнасьці” заплянавалі ізноў правесьці папераджальны страйк – але ўжо на Полацкім ды Паўднёвым рынках.
XS
SM
MD
LG