Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРТУР ВОЛЬСКІ ПАХАВАНЫ НА ПАЎНОЧНЫХ МОГІЛКАХ


Ганна Соусь, Менск

Жалобная цырымонія разьвітаньня з Артурам Вольскім адбылася ў пратэстанцкай царкве “Дабравесьце”, храме, які ён вельмі часта наведваў апошнія гады. Гаворыць пастар Андрусь Дылюк:

(Дылюк: ) “Ён пакінуў сьлед ня толькі на зямлі, але і ў вечнасьці. Таму што ён зьяўляецца заснавальнікам (яшчэ пасьпеў гэта зрабіць) маленькай беларускамоўнай царквы, якая мае назву “Новая зямля”. Я памятаю ягоныя казаньні, ягоныя пропаведзі, ягоныя хрысьціянскія вершы. Я памятаю, як ён заклікаў людзей да пакаяньня, да Хрыста.

Ён ня быў тым чалавекам, які выстаўляў напаказ сваю набожнасьць, але ён не хаваў сваю веру ад людзей”.

Царкоўная заля ня здолела зьмясьціць усіх, хто прыйшоў разьвітацца з Артурам Вольскім. Дзясяткі людзей стаялі на вуліцы й праз гукаўзмацняльнікі маглі чуць словы, што гучалі на разьвітаньне з клясыкам беларускае дзіцячае літаратуры.

Гаворыць старшыня Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Ён служыў беларускаму слову, ён служыў беларускай нацыянальнай ідэі. І ён пранес яе да самых апошніх хвілінаў свайго жыцьця. Як бы дрэнна ён сябе на адчуваў, якія б складанасьці не былі, ён прыходзіў на ўсе акцыі нашай грамадзкасьці на абарону мовы, беларускай культуры, незалежнасьці нашай Беларусі. Ён яе любіў і будзе любіць там, дзе сапраўды ёсьць толькі вялікая таямніца, якую мы не спасьцігаем. Артур Вітальевіч, дазвольце нізка Вам пакланіцца й пацалаваць Вашыя рукі, якія так шмат зрабілі для нашай Радзімы”.

Разьвітальнае слова працягвае Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Артур Вольскі — гэта цэлая эпоха беларускай паэзіі, беларускай драматургіі. Колькі пакаленьняў беларусаў гадавалася на творах Артура Вольскага, на творах дасьціпных і вясёлых, мудрых і даходлівых — будзе лічыць час. Артур Вольскі быў змагаром за волю й незалежнасьць, за беларускую Беларусь...”

Сваёй нязлой душы панёс туды сьвятло,
Дзе нам, яшчэ жывым здаецца, змрок пануе.
Час мецьмеш не забыць усё, што тут было,
Мілосьць і прыгажосьць, і чарнату зямную...
— чытаў свой верш Рыгор Барадулін.

Артур Вольскі чатырнаццаць гадоў таму адным зь першых прыйшоў у Беларускі Народны Фронт. І сёньня разьвітацца зь ім прыйшлі ягоныя паплечнікі. Гаворыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Дзяцей жа не падманеш. Іх душы — чулыя, адкрытыя... Як яны цягнуліся да Артура Вольскага, да ягонай паэзіі! І думаю, што наступныя і наступныя пакаленьні беларускіх дзяцей будуць пачувацца беларусамі, пачувацца добрымі, дзякуючы сьветламу слову Артура Вольскага. А паэзія Вольскага — гэта сонечнасьць, гэта нябёснасьць”.

Разьвітальны ліст даслаў і Зянон Пазьняк. “У цяжкі для Бацькаўшчыны час адыходзяць у вечнасьць беларускія адраджэнцы. Іхнае жыцьцё як раз патрэбнае на Беларусі цяпер, калі кожнага добрага слова й чыну чакае Радзіма”, — гаворыцца ў разьвітальным слове.

Сёньня ў царкве “Дабравесьце” гучалі малітвы, памінальныя гімны й вершы Артура Вольскага. Адзін зь іх мае назву “Калі гучыць “Магутны Божа”. Дзяўчына чытае гэты верш...

Калі гучыць “Магутны Божа”,
Гатоў упасьці на калені.
Бог, толькі Бог нам дапаможа
Знайсьці шляхі да вызваленьня.
Да вызваленьня душ і думак
Ад ненавіснага прыгнёту.
Каб кожны мог з грахамі клумак
Шпурнуць у д’яблава балота.
Каб у духоўным землятрусе
У Хрысьце знайшоўшы ратаваньне,
Прынесьлі людзі Беларусі
За ўсе правіны пакаяньне.
І слаўна пойдзе ўсё ды спраўна,
І заквітнее край наш Божы.
І загучыць, як гімн дзяржаўны
Сьпеў нашых душ “Магутны Божа”.


Артур Вольскі быў пахаваны на Паўночных могілках.
XS
SM
MD
LG