Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ НАПІСАЎ КНІГУ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОЛАДЗЬ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сваю кнігу Павал Севярынец назваў “Пакаленьне Маладога Фронту”. Гэта гісторыя пакаленьня беларускае моладзі, якая нарадзілася з 1970 па 1985 год. Паводле Паўла, гэтая моладзь — апошняе пакаленьне, народжанае пры савецкім сацыялізьме, у пэрыяд дэмаграфічнага буму.

І менавіта на вачах гэтых маладых людзей, якім цяпер ад 17 да 32 гадоў, адбывалася зьмена эпох і зьяўленьне незалежнае дзяржавы Беларусь. Да гэтага пакаленьня найперш і адрасаваная кніга. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Гэта тое самае пакаленьне, якое сустрэла беларускую незалежнасьць, гэта тое пакаленьне, якое ўтварыла суцэльны разлом паміж савецкай мінуўшчынай і эўрапейскай, незалежніцкай будучыняй. Якраз у гэтым пакаленьні ў бальшыні апынуліся тыя, хто ў Беларусі заўсёды быў у мяншыні. Незалежнікі, дэмакраты, рыначнікі, тыя, хто падтрымліваў родную мову і культуру, хрысьціяне... Гэта тое пакаленьне, якое заўтра будзе кіраваць краінаю”.

Аўтар напісаў кнігу падчас 25-сутачнай адсідкі ў спэцпрыёмніку ў красавіку й жніўні сёлета, куды ён трапіў за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту. Аднак, паводле Паўла Севярынца, кніга ня толькі пра тых, хто ствараў “Малады фронт”, удзельнічаў у акцыях апазыцыі і г.д. Бо пакаленьне 1970–1985 — гэта й БПСМ, і моладзевая субкультура, маладыя беларускія спартоўцы, і проста апалітычная моладзь. Сярод гэтага пакаленьня моладзі — самы высокі ўзровень злачыннасьці і самы нізкі — нараджальнасьці.

Разам з абаронцамі Курапатаў на старонках кнігі прысутнічаюць ахвяры Нямігі. Усё гэта, паводле Севярынца — гісторыя аднаго пакаленьня. Хаця большасьць разьдзелаў гэтай скарочанай гісторыі аднаго пакаленьня прысьвечаная тым, хто ўдзельнічае ў апазыцыйным руху часоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Павал Севярынец так тлумачыць, чаму напісаў гэтую кнігу:

(Севярынец: ) “Гэта зарад інфармацыі, у якім, мне здаецца, ёсьць адказы на пытаньні, якія хвалююць моладзь. Гэта й пытаньні сваёй уласнае місіі, сваёй нацыі, свайго пакаленьня. Тыя пытаньні, якія знаходзяцца на вяршыні бадай для кожнага маладога чалавека. Да іх ён імкнецца ў першую чаргу. Таму, буду спрадзявацца, што для многіх маладых людзей гэта будзе сапраўды момант ісьціны”.

Пакуль у друкаваным выглядзе выдадзена толькі колькі дзясяткаў асобнікаў кнігі. Але кожны цікаўны можа азнаёміцца зь яе зьместам у інтэрнэце на сайце “Маладога Фронту”. Паводле Паўла Севярынца, асноўны наклад кнігі будзе надрукаваны да канца году.
XS
SM
MD
LG