Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦБАНК БЕЛАРУСІ ПРАПАНУЕ ПЕРАЙСЬЦІ НА РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ, АЛЕ ЗАХАВАЦЬ ЭМІСІЙНЫ ЦЭНТАР У МЕНСКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле канцэпцыі Нацыянальнага банку, пераход на расейскі рубель плянуецца завершыць да 1 студзеня 2005 году. Анатоль Драздоў, кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку, не выключае, што за паўгоду да гэтага трэміну бакі пойдуць на адначасовае абарачэньне на сваіх тэрыторыях абодвух грашовых сродкаў. Маўляў, гэта адзін са сродкаў зьмякчэньня нэгатыўных наступстваў грашовага аб’яднаньня.

І ўсё ж Анатоль Драздоў прызнаў, што пад пытаньнем пакуль ня толькі гэтыя дэталі, але сама ідэя пераходу на расейскі рубель паводле беларускага варыянту. Бо Расея настойвае на адзіным эмісійным цэнтры ў складзе адзінай дзяржавы, а беларускі бок з гэтым ня можа пагадзіцца, бо гэта ёсьць фактычна стратаю сувэрэнітэту.

(Драздоў: ) “Пуцін прапанаваў, але прапанаваў спачатку інкарпарацыю Беларусі Расеяй, з чым ніводзін беларус не пагодзіцца, у тым ліку і я. Мы ж прапануем спачатку аб’яднаць грошы, як гэта зрабілі ў Эўропе, і гэта будзе вельмі выгодна”.

Паводле канцэпцыі Нацбанку, эмісійных цэнтраў у саюзу Беларусі й Расеі будзе два — у Маскве і ў Менску, аднак грошы яны будуць друкаваць не самастойна, а ў адпавенасьці з рашэньнем Міжбанкаўскай валютнай рады. Вымераць тую частку грошай, якую кожны банк мае права надрукаваць, Нацбанк Беларусі прапануе, сыходзячы з аб’ёму нацыянальнага прадукту.

Але тут ужо зараз відавочныя разыходжаньні. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін кажа, што беларуская эканоміка вартая 3% расейскай, з чым афіцыйны беларускі бок не пагаджаецца. У Нацбанку Беларусі, у прыватнасьці, кажуць пра 5% і спадзяюцца, што будучая Міжбанкаўская валютная рада будзе падзяляць беларускі пункт гледжаньня.

У гэтым, аднак, моцна сумняюцца некаторыя адмыслоўцы. Былы банкір і прэм’ер-міністар Міхал Чыгір, у прыватнасьці, лічыць, што паразуменьня дасягнуць будзе цяжка, бо кожны бок зацікаўлены ў павелічэньні сваёй часткі і зьмяншэньні часткі суседа:

(Чыгір: ) “Пуцін сказаў, што нашая эканоміка складае 3% ад расейскай, я скажу — што 7%, а Лукашэнка скажа пра 25%... Але ж у залежнасьці ад гэтага выпускаюцца грошы ў абарачэньне. І таму ўсё падлічыць і сказаць, хто мае рацыю, будзе вельмі складана.

Калі мы хочам пасварыцца, то трэба зрабіць адну валюту. Сёньня вядома, што ў нас адна інфляцыя, у іх — другая, у нас — адзін заробак, у іх — іншы. Як толькі мы зробім адзіны ці, нават, два эмісійных цэнтры з аднолькавай валютаю — у нас пачнуцца вялікія праблемы”.

Міхал Чыгір лічыць, што галоўнай перашкодаю на шляху аб’яднаньня грошай ёсьць розныя эканомікі. Паводле былога прэм’ера, яны “разьвіваюцца ў супрацьлеглых кірунках”. У Расеі ўжо пераважна рынкавая эканоміка, у Беларусі частка дзяржаўнай эканомікі павялічваецца, а на іншую палітыку лідэр краіны няздатны. Таму Міхал Чыгір ня верыць, што пляны Нацбанку адносна пераходу на расейскія рублі пры захаваньні сувэрэнітэту краіны сапраўды будуць ажыцьцёўленыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG