Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ПРЫЧЫНЫ “ДАЖЫНАК” СКАСАВАНАЕ СЬВЯТА Ў ГОНАР ЯКУБА КОЛАСА


Галіна Абакунчык, Менск

Сьвята паэзіі “Па шляху Якуба Коласа” — найбуйнейшае сярод імпрэзаў, прымеркаваных да 120-годзьдзя паэта. І каб яго змагла пабачыць найбольшая колькасьць гасьцей, было вырашана не чакаць 3 лістапада — дня народзінаў Коласа, а правесьці імпрэзу яшчэ на пачатку восені — 7 верасьня. Аднак за два тыдні да ўрачыстасьці арганізатарам паведамілі, што сьвята пераносіцца на 21 верасьня.

Намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц кажа, што гэта зьвязана з многімі прычынамі, у тым ліку фінансавымі, і жаданьнем наблізіць сьвята да дня народзінаў паэта. Гаворыць Валеры Гедройц:

(Гедройц: ) “Яно адбудзецца, паводле нашых плянаў, 21 верасьня ў некалькіх месцах. Гэта самы зручны час. Ён нарадзіўся 3 лістапада, таму на двары ў лістападзе рызыкоўна мерапрыемствы праводзіць. З таго, што плянавалася — ўсё адбудзецца, але фінансаваньнем не ўсялякі раз задаволеныя, бо грошай заўсёды хочацца больш”.

На радзіме паэта, дзе пройдзе сьвята, таксама не задаволеныя падрыхтоўкай да ўрачыстасьцяў, аднак упэўненыя, што галоўнай прычынаю пераносу імпрэзы ёсьць тое, што паўдзельнічаць у яе адкрыцьці намерваецца Аляксандар Лукашэнка. Гаворыць старшы навуковы супрацоўнік музэя Якуба Коласа ў Акінчыцах, унук паэта Іосіф Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Да нас павінен прыехаць “бацька”. У Полацку “Дажынкі” — сёмага, а тут Колас... — трэба перанесьці, ну й перанесьлі... Усё робіцца ня так, як трэба. Дапусьцім, тут робіцца рамонт, але робяць не па-старыннаму, як мусіць быць, а па-сучаснаму. Паставілі новы плот белы. Непрыгожы. Паклалі бэтон новы — ніяк ня ўпісваецца... І гэтак далей. Усё робіцца толькі на паказуху”.

На меркаваньне загадчыцы літаратурнага музэя Якуба Коласа ў Менску Зінаіды Камароўскай, значная частка ад заплянаванага ў дзяржаўнай праграме сьвяткаваняў, усё ж зроблена. Але ў юбілейны год клясыка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа гэта відавочна недастаткова. Гаворыць Зінаіда Камароўская:

(Камароўская: ) “Праблемаў — тысячы, і нявырашаных задачаў — таксама вельмі многа. Нажаль, пакуль што ў нас нуль фінансаваня, нягледзечы на тое, што выдзелены грант прэзыдэнта. Але пакуль мы гэтыя грошы не атрымалі, а за паўтара месяца фізычна і практычна немагчыма нешта зрабіць... Сёньня я ў вялікай скрусе і думаю, як знайсьці выйсьце”.

Паводле праграмы сьвяткаваньня 120-годзьдзя Якуба Коласа, зацьверджанай урадам, сёлета ў Санкт-Пецярбургу мусіў быць усталяваны помнік паэту. Але, як паведамілі ў Міністэрстве культуры, і да сёньня гэтая ідэя існуе толькі ў плянах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG