Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРАРЫСТЫЧНЫЯ АКТЫ Ў АФГАНІСТАНЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Найперш нагадаю, што Карзай прыбыў у Кандагар на вясельле свайго брата. Узброены чалавек у мундзіры пачаў страляць, калі Карзай пакідаў сядзібу мясцовага губэрнатара Гул Агха Шырзая. Паводле CNN, куля праляцела літаральна за некалькі сантымэтраў ад галавы прэзыдэнта, губэрнатар паранены.

Амэрыканскія ахоўнікі застрэлілі тэрарыста, але пацярпеў і адзін з ахоўнікаў. Дарэчы, пасьля таго, як Карзай папрасіў амэрыканскіх спэцназаўцаў ахоўваць яго, многія афганцы назвалі Карзая марыянэткай ў руках Вашынгтону. Міністар замежных справаў Абдула Абдула, а таксама начальнік сталічнай паліцыі Басір Салангі адразу абвінавацілі ў апошніх двух замахах Аль-Кайду і былога прэм’ера Гэкмаціяра. Былы прэм’ер, які ў часы савецкай акупацыі атрымліваў дапамогу ад ЗША, у сераду заклікаў да сьвяшчэннай вайны супраць амэрыканскай прысутнасьці ў Афганістане. “Усе сапраўдныя афганскія мусульмане, якія хочуць, каб у краіне быў іслямскі ўрад, павінны ведаць, што гэта будзе магчымае толькі тады, калі будуць выгнаныя адсюль вайскоўцы ЗША і іхныя саюзьнікі”, –сказаў Гэкмаціяр.

Паводле газэты “New York Times”, учорашнія ды іншыя інцыдэнты сьведчаць аб тым, што сытуацыя ў Афганістане далёкая ад стабілізацыі. Дарэчы, падобных інцыдэнтаў за 9 месяцаў кіраваньня ўраду на чале з Карзаем было болей. У лютым група пілігрымаў зьбіла да сьмерці міністра турызму Абдулу Рахмана. У красавіку ў Джалалабадзе ледзьве пазьбегнуў сьмерці міністар абароны Мухамад Фагім. У пачатку ліпеня быў забіты віцэ-прэзыдэнт Хамід Кадыр. У пачатку жніўня ў выніку выбуху ў Джалалабадзе загінулі 14 чалавек. У верасьні бомба выбухнула каля былой савецкай амбасады ў Кабуле. Бомбавы замах адбыўся таксама каля сядзібы ААН у Кабуле.

Паводле і афганскіх, і заходніх палітыкаў гэтыя замахі разьлічаныя на тое, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, асабліва цяпер, напярэдадні 11 верасьня. Іншая газэта – “Wall Street Journal” – канстатуе, што ў краіне, падзеленай паводле этнічных прыкметаў паміж фэўдальнымі старэйшынамі і палявымі камандзірамі, улада прэзыдэнта Карзай больш сымбалічная, чым рэальная. Паводле газэты “Guardian”, афганскае кіраўніцтва спрабуе пераадолець спадчыну дваццаці гадоў грамадзянскай вайны, але сытуацыя ў галіне бясьпекі ў краіне зараз дрэнная, як ніколі за апошнія 9 месяцаў.

Якіх высноваў можна спазявацца з боку цяперашняга афганскага кіраўніцтва, а таксама Злучаных Штатаў і міжнародных сілаў у Афганістане? Ці не прызнаюць яны, што аказаліся бяздапаможнымі?

Мяркуючы па апошніх заявах афганскага ўраду і ЗША, пакуль ніхто да такой высновы не прыйшоў. Камэнтуючы апошнія замахі, міністар замежных справаў Афганістану заявіў: “Аб чым гэта сьведчыць? Што паказвае? Гэта толькі сьведчыць аб тым, што антытэрарыстычная кампанія павінна працягвацца”. У адказ на апошнія замахі ўрад Карзая заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы тым актыўней павінны праводзіць вышук баевікоў Аль-Кайды.

Учора намесьнік міністра абароны ЗША Вольфавіц сказаў, што місія міжнародных сілаў у Афганістане павінна быць пашыраная. Зараз 4800 замежных вайскоўцаў сканцэнтраваныя пераважна ў Кабуле. “Мы разглядаем магчымасьць павелічэньня міратворчых сілаў і разьмяшчэньня іх у розных частках краіны”, – сказаў Вольфавіц. Аднак да гэтай ідэі неахвоча паставіліся іншыя заходнія ўрады. Незважаючы на пляменныя падзелы, яны аддаюць перавагу фармаваньню нацыянальнай, афганскай арміі. На жаль, пакуль навучаная і ўзброеная толькі адна тысяча афанскіх вайскоўцаў. Такім чынам, безь міжнародных сілаў у Афганістане магло б быць толькі горш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG