Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ДЗЯРЖАВЫ НЯМА СРОДКАЎ УТРЫМЛІВАЦЬ ПСЫХІЧНА ХВОРЫХ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Праблемы Магілёўскага псыхіятрычнага шпіталю мясцовыя ўлады спрабуюць вырашыць тэрміновай выпіскай пацыентаў да дому. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз на сваёй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што выпісана больш за 200 чалавек, як ён сказаў – ня вельмі хворых. Верагоднае і далейшае скарачэньне месцаў у шпіталі.

Сваякі і іх суседзі, якія кантактуюць з выпісанымі пацыентамі, нэрвуюцца і пратэстуюць. Псыхіятры вымушаныя зараз працаваць больш інтэнсіўна. Іх пацыенты, якім патрэбныя пастаянныя курсы лячэньня, магчыма, у будучым будуць мець праблемы са шпіталізацыяй.

Гаворыць кіраўнік Магілёўскай грамадзкай арганізацыі Лекарскі зьвяз Сяргей Кунцэвіч.

(Кунцэвіч: ) Адна праблема, што пэўная колькасьць людзей была выпісаная. Але бачыцца ўжо і другая праблема – гэта праблема шпіталізацыі тых, хто патрабуе яе. Раз скарацілася колькасьць ложкаў, то і складаней стала шпіталізавацца. І вось два гэтыя моманты, я лічу, яны даволі істотныя і як яны скажуцца з цягам часу на псыхічным здароўі насельніцтва – трэба будзе адсачыць і ацаніць, але ўжо бачна, што гэта нядобра .

Кіраўнік Лекарскага зьвязу Сяргей Кунцэвіч лічыць, што цяперашняя сытуацыя з Магілёўскім псыхіятрычным шпіталем – гэта наступствы таго, што прадуманай стратэгічнай палітыкі ў сфэры мэдыцыны няма.

Справа ў тым, што ў наступным годзе псыхіятрычнаму шпіталю споўніцца 200 гадоў. І ні для каго не сакрэт, што будынкі яго вельмі старыя, а умовы ўтрыманьня хворых, мякка кажучы, далёкія ад сучасных.

Зараз камісія Міністэрства аховы здароўя пастанавіла, што эксплюатацыя комлексу Магілёўскага псыхіятрычнага шпіталя немагчымая. Але і сродкаў на будаўніцтва новага няма.

Каб зачыніць некаторыя аварыйныя аддзяленьні і за адным разам зэканоміць грошы на ўтрыманьні пацыяентаў стацыянару, улада прыняла рашэньне папросту скараціць іх колькасьць. Дзяржава ня можа забяспечыць псыхічна хворым утрыманьне ў нармальных умовах.
XS
SM
MD
LG