Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАМЁР АРТУР ВОЛЬСКІ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Цяжкая навiна для тых, хто ведаў Артура Вiталевiча… Цяжкая навiна для Беларусi.

З Артурам Вiталевiчам я быў знаёмы цi ня трыццаць гадоў. Ён адыграў вырашальную ролю ў маiм жыцьцi. Ён, тады дырэктар Беларускага тэатру юнага гледача, запрасiў мяне, яшчэ студэнта журфаку БДУ, працаваць загадчыкам лiтаратурнай часткi. Ён, ведаючы маё адмоўнае стаўленьне да партыйна-савецкай журналiстыкi, параiў не падпiсваць разьмеркаваньне i змагаўся з адззелам прапаганды ЦК, каб я ўсё ж прыйшоў у тэатар.

Я ганарыўся, што за на той час дваццацiгадовую гiсторыю ТЮГу быў трэцiм заўлiтам пасьля самога Артура Вiталевiча i Петруся Макаля. Гэтаксама, як i я, шмат хто з артыстаў, рэжысэраў удзячныя яму за дапамогу i дабразычлiвасьць. Усе тыя, хто прайшлi школу гэтага тэатру, скажуць, што пры Артуру Вiталевiчу менскi ТЮГ быў самым беларускiм тэатрам у краiне. Беларускi дзiцячы рэпэртуар, культура беларускай мовы на сцэне былi ягоным прынцыповым клопатам. Аж да апошнiх дзён, нават калi ён быў ня вельмi запатрабаваным цяпер ужо сумнеўна беларускiм тэатрам.

Артур Вiталевiч быў цi не найлепшым дзiцячым паэтам, пiсьменьнiкам, драматургам. Ён любiў дзяцей. Кожная рыфма ягонага верша нараджалася менавiта зь дзiцячай фантазii. Ягоныя кнiжкi для сваiх дзяцей куплялi нават рускамоўныя бацькi, настолькi дасьцiпным i зразумелым было ягонае паэтычнае слова. Ён гатовы быў ледзь не штодня iсьцi ў школы цi дзiцячыя садкi, каб пачытаць там свае вершы. І ён ня проста чытаў, ён размаўляў зь дзецьмi добрымi, мяккiмi iнтанацыямi. Мне падаецца, што гэта стала галоўнай справай ягонага жыцьця.

Свабодная Беларусь для яго была перадусiм. Таму адразу ж ён стаў у шэрагi БНФ. Таму iшоў на мiтынгi i шэсьцi, не баючыся дубiнак. Не хаваў бел-чырвона-белага значка на штрыфелi пiнжаку, не пазьбягаў нiколi сваёй выключна элегантнай беларускай мовы. Ён, беларускi iнтэлiгент, выстаяў i тады, калi жорстка быў зьбiты нейкiмi падонкамi ў 1998 годзе. Я ганаруся, што мы зь iм добра разумелiся ўсе гэтыя 30 гадоў. Як ганаруся i сваiм сяброўствам зь ягоным сынам – Лявонам, якi стварыў культ уласна беларускага рок-н-ролу. Вольскi-старэйшы нёс беларускае слова дзецям. Ягоны сын працягвае справу бацькі ў новых варунках новага часу. І тым ня меней, Артура Вiталевiча нам будзе не хапаць.
XS
SM
MD
LG