Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА НЯ ХОЧА ВЫСЬВЯТЛЯЦЬ ПРЫЧЫНЫ СЬМЕРЦІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Зайцаў-старэйшы ўжо ня раз дасылаў скаргі на фармальны падыход пракуратуры Савецкага раёну да расьсьледаваньня прычынаў сьмерці свайго сына, удзельніка маладзёвага руху супраціву “Зубр”. Зараз абласная пракуратура зноў запатрабавала ад раённага пракурора Падсекіна дадатковай праверкі абставінаў сьмерці 24-гадовага Андрэя Зайцава. Пра гэта паведаміла ў адмысловым лісьце Зайцаву-старэйшаму выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу за наглядам следзтва Надзея Бондарава. Гэта ўжо будзе трэцяе дасьледаваньне. У двух папярэдніх сьледчыя – Ларкін, а затым Казлоў – не знаходзілі падставаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Аднак, як вынікае з допісу, сьледчыя праводзяць праверкі няпоўна, не выконваюць нават патрабаваньняў абласной пракуратуры.

Валакіта відавочная і бацьку Андрэя Юрыю Зайцаву.

(Зайцаў: ) “Спрабуюць усялякім чынам не дапытваць галоўных сьведкаў, безь якіх надзвычай цяжка паставіць кропку. Апроч таго, ня хочуць браць пад увагу запіс тэлефоннай размовы з супрацоўнікам УКГБ. Але ж ёсьць сьведкі, пры кім гэта было зроблена. Не зважаюць таксама на ліст сына ў Беларускі Гельсынскі камітэт. Хаця і гэтаму ёсць сьведкі: калі ён пісаў, адпраўляў”.

Сярод галоўных сьведкаў бацька Андрэя называе супрацоўніка ЎКГБ спадара Ястрэмскага, які называў сябе Алесем Яўсцігнеевым.

(Зайцаў: ) “Галоўны – гэта, натуральна, Ястрэмскі. Цяпер яго ўсялякім чынам хаваюць, не дапускаюць, каб ён даваў зьвесткі”.

У Юрыя Зайцава і ягонага адваката Іванішкі ёсць дакумэнтальныя сьведчаньні таго, што пэйджэр № 215862, празь які Андрэй павінен быў зьвязвацца з супрацоўнікам спэцслужбы, зарэгістраваны быў менавіта на Ястрэмскага. Паводле заявы апошняга, праз два дні пасьля сьмерці Андрэя Зайцава згаданы нумар пэйджынгавай сувязі быў скасаваны.

Адсутнасць адказаў на відавочныя факты не дае спакою бацьку памерлага Андрэя.

(Зайцаў: ) “Я ўжо і ў пракуратуры казаў. Я ня маю на мэце пасадзіць Ястрэмскага ці каго яшчэ. У мяне адна мэта: скажыце праўду! Для мяне гэтага, відаць, будзе дастаткова. Значыць, знайшлося такое грамадзтва, людзі ў грамадзтве, якія ўмеюць гаварыць праўду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG