Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VOX POPULI: ЯК ДА СТРАЙКУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ СТАВЯЦЦА ПАКУПНІКІ?


Ганна Соусь, Менск

"Аквабэл" – адзін зь нямногіх гандлёвых цэнтраў, які працаваў сёньня ў Менску. Нягледзячы на тое, што месьціцца ён на ўскрайку Менску, сёньня тут было поўна пакупнікоў. Практычна ўсе, да каго я зьвярталася, ведаюць пра страйк прадпрымальнікаў. Але ставяцца да гэтай акцыі пратэсту па-рознаму.

(Спадар: ) "Канечне, трэба страйкаваць, таму што нашае заканадаўства робіцца не для нас. Занадта вялікія падаткі, да таго ж больш жорсткім становіцца пакараньне".

(Пэнсіянэрка: ) “Мы ўчора былі на Ждановічах. Там ніхто не працаваў”.

(Ейны муж: ) “А, прадпрымальнікі стайкуюць!”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы ставіцеся да гэтага? Ці падтрымліваеце іхныя патрабаваньні?"

(Пэнсіянэр: ) “Канечне, не падтрымліваем. Яны бяруць дастаткова грошай зь людзей, каб потым плаціць падаткі. Няхай плацяць. Я не падтрымліваю іх”.

(Пэнсіянэрка: ) “А я падтрымліваю. Навошта касавыя апараты тым, хто прадае дублёнкі й скураныя паліто?"

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, хутка іх зусім задушаць гэтымі падаткамі. Практычна ня выжывуць тады”.

(Спадар: ) “На "Дынама" ўчора хадзіў – не працуюць. Дзяржава хоча кіраваць усім, у тым ліку й бізнэсам. Разаганяюць усё пакрыху. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, такая палітыка й будзе”.

Адметна, што многія людзі, якія наведалі сёньня рынак "Аквабэл", маюць шэраг прэтэнзіяў да гандляроў, да прадпрымальнікаў, і мяркуюць, што ўлады мусяць больш жорстка кантраляваць дробны бізнэс.

(Спадарыня: ) “Мая сястра, прадпрымальніца, скардзілася, што трэба плаціць 30 тысячаў рублёў у пэнсійны фонд, што гэта вельмі дорага. Пры тым, што яны атрымліваюць вельмі многа. І тыя ж касавыя апараты не такія дарагія. Зараз ніякіх папераў не даюць, чэкаў не выпісваюць. Калі з таварам нешта здарылася, я ня здолею яго вярнуць. Яны проста самі жыруюць”.

(Другая спадарыня: ) “Зь іхнага боку гэтаксама шмат нахабства. Часта прадаюць бракаваныя рэчы. Пачынаеш скардзіцца, дык яны абураюцца. На маю думку, іх разбалавалі тут”.

Пакупнікі ў большасьці не спадзяваліся на тое, што прадпрымальнікі здолеюць дамагчыся ад уладаў выкананьня сваіх патрабаваньняў. Але ж былі і ўпэўненыя ў тым, што, прыкладам, з увядзеньнем касавых апаратаў кошты на тавары й паслугі падвысяцца.

(Спадар: ) “Зразумела, што тавары будуць даражэйшыя, але ж пакупнікі, як былі, так і застануцца пакупнікамі. Будуць хадзіць на тыя самыя рынкі й купляць тое, што трэба”.

(Малады чалавек: ) “Я думаю, што ў іх нічога не атрымаецца. У нас жа такая краіна. Ведаеце – суцэльная дэмакратыя. Кошты павінны падняцца ў раза з паўтара, як мінімум”.

(Другі спадар: ) “Ня здолеюць нічога зрабіць, таму што яны не аб'яднаныя адной мэтай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG