Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СПАКУСА АТРЫМАЦЬ КАМПРАМАТ НА ПРЭЗЫДЭНТА НАВАТ БОЛЬШАЯ, ЧЫМ НА АСТАТНІХ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З 1996 году беларускія палітыкі, і ня толькі апазыцыйныя, прызвычаіліся да таго, што іхныя тэлефоны праслухоўваюцца спэцслужбамі. Пра гэта заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыіі Анатоль Лябедзька ў адказ на пытаньне, ці зьбіраецца ён высьвятляць, хто падслухаў ягоную размову з уплывовым расейскім палітыкам Барысам Нямцовым:

(Лябедзька: ) "Мне ня трэба, у адрозьненьне ад Нямцова, спрабаваць высьвятляць, хто мяне праслухоўвае. Яшчэ паўтара году таму побач з маёй кватэрай было знойдзенае адмысловае прыстасаваньне для праслухоўваньня. Мянялі дрот у тэлефоннай шахце ў пад'езьдзе і знайшлі гэтае прыстасаваньне. Я аддаў яго на экспэртызу, і мне паведамілі, што яно дазваляе чуць усё, што адбываецца ў маім доме цягам 24 гадзінаў у суткі".

Анатоль Лябедзька перакананы, што замест згубленага "жучка" яму падклалі іншы, бо "на такія справы дзяржава грошай не шкадуе". Якая спэцслужба дакладна за ім сочыць, Лябедзька ня ведае. Не выключае, што адразу некалькі. У якасьці верагодных называе КГБ, службу бясьпекі прэзыдэнта, Раду бясьпекі. Паводле лідэра АГП, ужо больш як 10 службаў афіцыйна надзеленыя правам праслухоўваць тэлефонныя размовы грамадзянаў, а колькі робяць гэта па-за межамі закону, падлічыць немагчыма.

Такое становішча, на думку Анатоля Лябедзькі склалася пасьля 1996 году, пасьля роспуску законнага парлямэнту. "Цяперашні парлямэнт ня здольны кантраляваць сакрэтныя службы, і таму яны робяць што заўгодна", – падсумаваў Анатоль Лябедзька.

Паводле былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, і да рэфэрэндуму 1996 году праслухоўвалі ня толькі дзеячоў апазыцыі, але і найвышэйшых кіраўнікоў дзяржавы. Міхаіл Чыгір згадаў, як аднойчы старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі высьветліў, што ягоны тэлефон праслухоўваецца, і абураўся з гэтай прычыны ў кулюарах парлямэнту. Шарэцкі заклікаў старшыню КГБ Мацкевіча разабрацца, але нічога зроблена не было. Бо праслухоўваньне было нормай, зь якой усім даводзілася лічыцца, у тым ліку і Аляксандру Лукашэнку, кажа Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) "Аднойчы мы зь ім размаўлялі па тэлефоне, і ён кажа, што гэты тэлефон не праслухоўваецца, можна казаць усё. Гэта была прамая лінія, якая там ёсьць".

Міхаіл Чыгір ня выключыў, што аб'ектам праслухоўваньня можа стаць і Лукашэнка, але, на думку Міхаіла Чыгіра, кіраўнік краіны сам і вінаваты ў гэткім становішчы, бо гэта пры ім была адноўленая сыстэма татальнага сачэньня за ўплывовымі асобамі. "За ўсімі спэцслужбамі прасачыць цяжка, а спакуса атрымаць кампрамат на прэзыдэнта нават большая, чым на астатніх", – лічыць Міхаіл Чыгір.

КГБ Беларусі адвяргае падазрэньні ў тым, што супрацоўнікі гэтага ведамства праслухоўваюць тэлефонныя размовы дзеячоў апазыцыі, у тым ліку і Анатоля Лябедзькі. У КГБ кажуць, што праслухоўваньне вядзецца выключна з санкцыяў пракуратуры і толькі ў стасунку да тых асобаў, якіх падазраюць у пэўных злачынствах. Чэкісты раяць мець на ўвазе і асобных грамадзянаў, якія могуць падслухоўваць тэлефонныя размовы, маючы пэўныя тэхнічныя сродкі. У якасьці прыкладу быў прыведзены нядаўні судовы працэс над былым гандляром з рынку ў Ждановічах, які стварыў злачынную групу па вырабу і продажу прыстасаваньняў для падслухоўваньня. Яго выкрылі і прыцягнулі ў суд менавіта супрацоўнікі КГБ. Між тым, паводле зьвестак зь іншых крыніцаў, гэты чалавек гандляваў дробнымі прыстасаваньнямі коштам 10-20 даляраў, якія дазваляюць слухаць хатнія размовы, але ня маюць выхаду ў тэлефонныя сеткі, тым больш у мабільную сувязь. Прыстасаваньні такога кшталту таксама магчыма набыць на чорным рынку, але іхны кошт сягае да тысяч даляраў. На думку беларускіх палітыкаў, мабільную сувязь у Беларусі здольныя праслухоўваць альбо заможныя бізнэсоўцы ў мэтах эканамічнага шпіянажу, альбо спэцслужбы, бо толькі ў іх дастаткова сродкаў на такія дарагія справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG