Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯТЫ ДЗЕНЬ СТРАЙКУ ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСІ


Міхал Стэльмак, Менск

Раніцай на сталічных кірмашах і рынках адбыліся прадпрымальніцкія сходы. Бізнэсоўцы вызначаліся наконт далейшага ўдзелу ў акцыі пратэсту. Гандляры самага вялікага сталічнага рынку "Дынама" вырашылі аднавіць працу. Пры гэтым было заяўлена, што з 1 кастрычніка яны гатовыя да бестэрміновага страйку. Прадпрымальнікі ж іншых кірмашоў і выставаў вырашылі не здавацца. Як прагучала на агульнагарадзкім сходзе ля гандлёвага цэнтру "Паркінг", акцыя мусіць працягвацца. Прынамсі, да абвяшчэньня вынікаў "круглага стала" з уладамі. Вось што заявіла на сходзе актывістка прадпрымальніцкага руху Кацярына Чыжык:

(Чыжык: ) "Заўтра ў нас у 14.30 "круглы стол". Першым патрабаваньнем будзе абвяшчэньне ўладамі "мараторыя" на выдадзеныя за апошнія паўгоду заканадаўчыя акты. Тых, што спрычыніліся да штрафаў, якімі сёньня караюць. Рашэньняў Менгарвыканкаму, пастановаў ураду і указаў прэзыдэнта. Калі ўрад ня пойдзе нам насустрач, то мы папярэдзім яго пра пачатак 1 кастрычніка бестэрміновай агульнанацыянальнай акцыі зь няўплатай падатку па ўсёй Беларусі і няўплатай арэнды".

Шмат гаварылі сёньня пра тактыку дзеяньняў у выпадку адмоўных вынікаў "круглага стала", а менавіта: ці выходзіць на працу 7 верасьня. Думкі на гэты конт падзяліліся. Частка прадпрымальнікаў лічыць, што трэба прыпыніць страйк, бо яны нясуць вялікія страты. Другая частка – за працяг акцыі. Яны аргумэнтуюць сваю пазыцыю таксама стратамі, якія ў выпадку аднаўленьня працы прад'явяць ім падатковыя органы за парушэньне новых заканадаўчых нормаў. Ня маюць канкрэтных прапановаў і лідэры прадпрымальнікаў. У прыватнасьці, Аляксандар Лапотка, які два дні таму браў удзел у перамовах з намесьнікам міністра эканомікі Андрэем Турам, ня верыць у плённасьць заўтрашняга "круглага стала":

(Лапотка: ) “Тыя, хто чакае і спадзяецца на 6 верасня – не чакайце нічога. Я зразумеў, што ніхто не зьбіраецца паварочвацца тварам да прадпрымальнікаў. Ня будзе дыялёгу, пакуль урад ня ўбачыць у нас нармалёвых людзей".
XS
SM
MD
LG