Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ПЕРНІК І БІЗУН КРАМЛЯ ДЛЯ ЛУКАШЭНКІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” у сёньняшнім нумары зьмяшчае матэрыял “Пернік і бізун Крамля для Лукашэнкі”.

Паводле аўтара артыкулу, маскоўскага карэспандэнта газэты Вацлава Радзівіловіча, крамлёўскім пернікам для Лукашэнкі зьяўляецца трэці варыянт аб’яднаньня Беларусі і Расеі, прапранаваны Пуцніым ў ягоным лісьце. Варыянт, паводле якога аб’яднаньне можа быць праведзенае на падставе дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, падпісанай яшчэ Барысам Ельцыным. Гэта – на карысьць Лукашэнку, бо ён заяўляе, што аб’яднаньне магчымае толькі на падставе гэтага дакумэнту.

“Аднак Крэмль мае для Менску ня толькі пернік, але й бізун”, – адзначае “Gazeta Wyborcza”. Бізун – гэта матэрыял у газэце “Советская Россия”, дзе распавядаецца пра размову лідэра Саюзу правых сілаў Расеі Барыса Нямцова з кіраўніком АГП Анатолям Лябедзькам, у часе якой Нямцоў сказаў, што расейскія алігархі, якія хочуць пазбавіцца ад Лукашэнкі, заклікаюць Крэмль распачаць эканамічную блякаду Беларусі і такім чынам выклікаць ў гэтай краіне бунт.

Паводле газэты, гэтая ўцечка інфармацыі, хутчэй за ўсё, была зробленая адмыслова, на замову расейскіх уладаў.

“Лукашэнка мог бы не зьвяртаць увагі на словы Нямцова, калі б ня іншы сыгнал Крамля. Некалькі дзён таму, у часе сустрэчы з кітайцамі і размовы ў справе газу, Уладзімер Пуцін сказаў, што “газ па 30 даляраў за тысячу мэтраў мы прадавалі толькі Беларусі”. Беларуская эканоміка трымаецца толькі дзякуючы танным расейскім энэрганосьбітам, і таму ўжываньне Пуціным мінулага часу – “прадавалі”, можа быць сыгналам сканчэньня прывілеяў. А гэта сапраўды можа прывесьці да бунту”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Пры канцы артыкулу польскі штодзёньнік падае меркаваньне экспэрта расейскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандра Фадзеева, які ўпэўнены, што цяпер Крэмль актыўна шукае пераемніка Лукашэнкі.

“Канцом Лукашэнкі” называе пуцінскія прапановы і іншая аўтарытэтная польская газэта “Rzeczpospolita”, якая зьмяшчае сёньня матэрыял з сымбалічнай назвай “Адна дзяржава, адна сталіца”.
XS
SM
MD
LG