Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА АДМОВУ ЎЗЯЦЬ УДЗЕЛ У “ДАЖЫНКАХ” ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНІЦКІ КЛЮБ ПАЗБАВІЛІ ПАМЯШКАНЬНЯ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Гарадзкія ўлады неаднаразова зьвярталіся да сябраў клюбу з патрабаваньнем выступіць з канцэртам на “Дажынках”, але княжычы казалі ў адказ, што яны ня могуць выступаць там, дзе няма нічога жывога і беларускага. І вось сёньня маршалку клюбу Аляксею Кавалёву прынесьлі гарвыканкамаўскую паперу з патрабаваньнем вызваліць да 6 верасьня памяшканьне, дзе зьбіраліся княжычы.

Створаны сем гадоў таму моладзевы гісторыка-культурніцкі клюб “Княжыч” займаецца дасьледаваньнем, рэканструкцыяй і пашырэньнем аўтэнтычнай абраднасьці беларускага Падзьвіньня. Пры гэтым хлопцы і дзяўчаты – а гэта ў асноўным студэнты мясцовага ўнівэрсытэту – ладзяць канцэрты народнай музыкі ў дзіцячых дамах, школах ды іншых навучальных установах. “Княжыч” выступае ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, летась і пазалетась ён рэпрэзэнтаваў беларускі фальклёр на міжнародным конкурсе ва Ўроцлаве. Аднак ёсьць у сябраў клюбу жалезнае правіла: яны ніколі не выступаюць перад падпітай аўдыторыяй на інсьпіраваных уладамі “сьвятах”.

Свойчас аддзел культуры гарвыканкаму дазволіў “Княжычу” зьбірацца ў адным з пакояў Цэнтру нацыянальнай культуры і рамёстваў. Гэтым і была вычарпаная дапамога з боку дзяржавы рупліўцам і зьбіральнікам фальклёру: за сем гадоў гарадзкія ўлады ані разу не дапаглі клюбу ні ў набыцьці нацыянальных строяў, ні інструмэнтаў, ні ў чым іншым. І вось, з нагоды адмовы ад удзелу ў “Дажынках”, клюб выкідаюць на вуліцу.

Вось што нам сказала кіраўнічка сьпеўнай сэкцыі клюбу Натальля Муляронак:

(Муляронак: ) “Княжыч” – не палітычная арганізацыя. Мэта дзейнасьці нашага клюбу – захаваньне і адраджэньне традыцыйнай беларускай культуры. Мы ніколі не прасілі дапамогі, мы ніколі ня бачылі дапамогі, і адзіная нашая просьба – даць нам мажлівасьць працаваць. Але зараз такой мажлівасьці няма”.

На знак салідарнасьці з Цэнтру нацыянальнай культуры і рамёстваў вырашылі сысьці таксама рыцарскі клюб “Чорны Война” і сьпеўна-драматычная майстроўня “Зьніч”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG