Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ НА КАСТРЫЧНІЦКАЙ ПЛОШЧЫ Ў МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Аб 11-й гадзіне на Кастрычніцкім пляцы сабралася паўтысячы сталічных прадпрымальнікаў. Паводле закліку сваіх лідэраў, яны ўселіся на брук...

(Спадарыня: ) “Гэта адбываецца акцыя пратэсту супраць таго свавольства, што з намі адбываецца. Бясконца падвышаюцца падаткі, мае месца бясконцае вымагальніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Вы адкуль?”

(Спадарыня: ) “З “Дынама”, з “Паркінгу”, з “Алімпу”... “Дынама” сёньня не працуе. Ніводная “палатка””.

(Іншая спадарыня: ) “Робіцца невыносна працаваць. З кожным днём усё горш ды горш”.

(Спадар: ) “У мяне жонка таксама прадпрымальніца. Яна пайшла ў фонд сацыяльнай абароны, дык ёй там сказалі, што яна чалавек другога “сорту”. Дык чаму мы мусім плаціць у 29 разоў болей, калі мы людзі “другога сорту”?”

(Іншы спадар: ) “Мы ня супраць законаў. Але гэтыя законы мусяць быць крыху ляяльнымі да нас”.

(Яшчэ адзін спадар: ) “Мы плоцім дзяржаве і хочам, каб яна нас не чапала. Трэба дамагчыся абароны нашых правоў”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Пакуль ня будуць вырашаныя нашы праблемы, мы будзем страйкаваць і патрабаваць рашэньня нашага пытаньня”.

У параўнаньні з учорашнім днём, колькасьць удзельнікаў страйку ў Менску павялічылася. Паводле зьвестак Аб’яднанае рады прадпрымальнікаў, сёньня ня выйшлі на працу больш як 10 тысячаў чалавек. Ініцыявала выхад страйкоўцаў на Кастрычніцкі пляц грамадзкае аб’яднаньне “Прыватная ўласнасьць”. Ейны лідэр Леанід Малахаў так пракамэнтаваў сёньняшнюю акцыю:

(Малахаў: ) “Сёньняшняя акцыя пратэсту — гэта сядзячы страйк. Гэта пратэст супраць таго, што чыноўнікі, зь якімі ўчора адбылася сустрэча, скончылася дрэнным вынікам. Яны настроены агрэсіўна і не жадаюць лічыцца з нашымі праблемамі. Але й мы настроены рашуча. Сёньня тут знаходзяцца прадпрымальнікі, 70% якіх жанчыны. А каб пасадзіць жанчыну на брук, трэба зрабіць нешта такое страшэннае... Малюнак, калі маладая асоба сядзіць на бруку, мусіць выклікаць пытанне: “Што робіцца ў гэтай краіне?”

Шматлікія міліцыянты на Кастрычніцкім пляцы ў акцыю ня ўмешваліся. Аднак усе ўдзельнікі патрапілі ў відэадасье. Пакуль што гэта не палохае прадпрымальнікаў. Яны былі абураныя вынікамі ўчорашняй сустрэчы сваіх лідэраў і прадстаўнікоў уладаў, якіх узначальваў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Гэтыя вынікі на Кастрычніцкім пляцы абвясьціў прадстаўнік Аб’яднанае рады Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Намесьнік міністра паспрабаваў эканамічна абгрунтаваць новаўвядзеньні, мяркуючы, што сярод прадпрымальнікаў няма адмыслоўцаў. Між тым, шмат хто з нас ведае па тры замежныя мовы, ня кажучы пра эканоміку. 6 верасьня на “круглым стале” мы будзем прынцыпова абараняць свае інтарэсы. Ад гэтага залежаць нашыя далейшыя дзеяньні. Мы мусім сабрацца пасьля “круглага стала” і вызначыцца: задавальняюць нас ягоныя вынікі ці не задавальняюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG