Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТ МОЛАДЗЕВАГА РУХУ “ЗУБР” ЦІМОХ ДРАНЧУК МЕЎ СУТЫЧКУ ЗЬ ВІКТАРАМ ЛУКАШЭНКАМ


Ганна Соусь, Менск

Цімох Дранчук атрымаў заданьне ад рэдакцыі “Народнай волі” зрабіць здымкі элітнага дому на праспэкце Машэрава. Як сьцьвярджалі суседзі, у гэтым доме калісьці пражывала маці Лукашэнкі, а апошнім часам жыве ягоны старэйшы сын Віктар са сваёй сям’ёю. Ніхто з фотакарэспандэнтаў, да якіх зьвярталася рэдакцыя, не пагадзіўся выканаць гэткае заданьне. У выніку актывісты моладзевага руху “Зубр” узяліся сфатаграфаваць дом у той момант, калі адтуль выяжджае машына Віктара Лукашэнкі.

Распавядае Цімох Дранчук:

(Дранчук: ) “Я зьняў, як ён выяжджаў,— зрабіў колькі кадраў. Калі я адыйшоў ад дому мэтраў пяцьдзясят, ля мяне затармазіла машына, за рулём якой быў Віктар. Гэта быў “Мэрсэдэс” клясы “S” чорнага колеру з дзяржнумарамі 0007МІ. Ён выскачыў адтуль у даволі ўзбуджаным стане, схапіўся адной рукою за фотаапарат, другой за куртку, і стаў патрабаваць, кабя я аддаў стужку. Я патлумачыў, што гэта лічбавы фотаапарат, і там няма стужкі, можна толькі сьцерці кадры. Ён не разабраўся, як ёю карыстацца.

Інцыдэнт працягваўся каля пяці хвілінаў і скончыўся тым, што я быў вымушаны аддаць яму камэру. Ён паабяцаў, што камэру прывязуць у рэдакцыю “Народнай волі”.

Сапраўды, праз колькі гадзінаў невядомыя асобы прывезьлі фотаапарат у рэдакцыю “Народнай волі”. Дарэчы, сёньня газэта зьмясьціла артыкул “Гасьцявы дом для сям’і Лукашэнкі”, але ілюстраваны ён быў толькі фотаздымкам дому.

Я зьвязалася сёньня з самім Віктарам Лукашэнкам, які працуе ў Дэпартамэнце Эўропы Міністэрства замежных справаў, і папрасіла выказаць сваю вэрсію гэтага інцыдэнту.

(Віктар Лукашэнка: ) “Вы ведаеце, я ня ведаю ні пра якія інцыдэнты. Калі Вы ня супраць, а бы не адказваў ні на якія пытаньні. Прынамсі, інцыдэнтаў ніякіх не адбылося”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце калі ласка, ці сапраўды Вы жывеце ў гэтым доме на праспэкце Машэрава?”

(Віктар Лукашэнка: ) “Вы ведаеце, у мэтах бясьпекі, я не хацеў бы абмяркоўваць гэтыя пытаньні”.

Цімох Дранчук здолеў захаваць дыскету ад камэры. Аднак праз колькі гадзінаў пасьля інцыдэнту яго затрымалі ў раёне пляцу Перамогі...

(Дранчук: ) “Мяне пад рукі падхапілі два чалавекі ў цывільным з крыкам на ўсю вуліцу: “Уголовный розыск!” Заклалі мяне ў машыну “Вольва” белага колеру зь дзяржнумарамі 5421КА. Першыя пяць хвілінаў яны мяне проста запалохвалі — з двух бакоў крычалі: “Аддавай стужку! Калі не аддасі, зараз павязем у лес!”. Потым яны завезьлі мяне ў суседні двор, туды пад’ехала яшчэ адная машына “Жыгулі”, і мне сказалі, што зараз будуць абшукваць маю торбу, а людзі з “Жыгулёў” будуць “панятымі”. Дастаўшы ўсе рэчы з торбы, яны “знайшлі” на дне патрон ад пісталету...”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта быў Ваш патрон?”

(Дранчук: ) “Зразумела, што патрон падкінулі. Яны нават не хавалі таго, што падкінулі яго. Сказалі, што зараз цябе завязем у РАУС, і калі мы дадзім загад, будзеш сядзець спачатку ў СІЗА, а потым дадуць тэрмін”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці называлі яны свае пасады й прозвішчы?”

(Дранчук: ) “Не, пасады не называлі, але ў рэшце рэшт сказалі, што яны са Службы бясьпекі прэзыдэнта”.

Паводле словаў Цімоха Дранчука, гэтыя асобы нарэшце знайшлі ў яго й дыскету са здымкамі, пасьля чаго пакінулі яму нумар мабільнага тэлефону, каб пазьней забраць ужо пустую дыскету. Але датэлефанавацца па гэтым нумары Цімох пасьля ня здолеў — абанэнт не адказваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG