Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙКУЮЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ШКЛОВА


Марыя Ўсьціновіч, Шклоў

58 шклоўскіх прадпрымальнікаў спрабавалі загадзя падаць заявы аб страйку ў падатковую інспэкцыю і райвыканкам. Паперы ў іх не прынялі, але страйк у нядзелю пачаўся. Страйкуе пераважная большасьць – амаль 80 адсоткаў прадпрымальнікаў.

Асноўнае патрабаваньне гандляроў прамысловымі таварамі – адмяніць увядзеньне касавых апаратаў.

(Спадар: ) “Гэта ўжо апошняя мяжа. Касавае абслугоўваньне – гэта для многіх проста сьмерць. Таму людзі пойдуць значна больш далей, чым многія мяркуюць”.

Цяпер кожную раніцу прадпрымальнікі нясуць дзяжурства ля варотаў рынку. Яны сочаць за тым, каб у горад не прыяжджалі гандляваць прадпрымальнікі зь іншых мясцінаў, якія хочуць зарабіць на агульнарэспубліканскім страйку.

Страйк у Шклове, дзе мясцовая ўлада з усіх сіл імкнецца падтрымліваць рэпутацыю ідэяльнага раённага цэнтру – гэта надзвычайнае здарэньне.

Шклоўскія кіраўнікі спрабавалі угаворваць прадпрымальнікаў, ды, як кажуць страйкоўцы, “далікатна пагражалі”.

(Спадар: ) “Яны гэта ўсё ўспрынялі як “камень у свой агарод”. Пагражаюць спадцішка: нават да пазбаўленьня месца і пазбаўленьня ліцнзіі будуць разбірацца з тымі, хто тут страйкуе”.

Разум пераможа – на гэта спаядзяюцца прадпрымальнікі Шклова, і хочуць весьці дыялёг з мясцовымі ўладамі. Аднак тэрміны заканчэньня страйку будуць узгадняць са сваімі магілёўскімі калегамі. Яны чакаюць саступак з боку кіраўніцтва рэгіёну і краіны.

(Спадар: ) “Каб і нам на карысьць, і ўладам не ў цяжар. Каб атрымалася”.

(Спадар: ) “Будзем спадзявацца на перамогу. Будзем салідарныя з усёй вобласьцю і рэспублікай. Будзем стаяць да апошняга”.

У выніку прадпрымальніцкага страйку ў Шклове ўжо ёсць адзін пацярпелы – галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак. Ён прыстунічаў у нядзелю на пачатку страйку і кіраўніцтва рынку склала на актывіста акт аб сабатажы і знявазе загадчыцы рынку.

Аляксандыр Шчарбак наступным чынам ацэньвае страйк прадпрымальнікаў.

(Шчарбак: ) “Для Шклова страйк прадпрымальнікаў зьявіўся практычна рэвалюцыйнай падзеяй. Чаму? Гэта зьвязана з патрыярхальным ладам жыцця Шклова і пэўнай вядомасьцю ў Беларусі. Хаця людзі ўспрымаюць гэтую падзею па-рознаму: пэнсіянэры злуюцца, а маладыя людзі разумеюць і падтрымліваюць прыватнікаў”.

Тым часам у Шклове страйк гандляроў працягваецца, а ягоныя ўдзельнікі чакаюць рашэньня сходу прадпрымальнікаў Магілёва, які адбудзецца ў абласным цэнтры ў чацвер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG