Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКАЕ НАВУЧАНЬНЕ Ў БЕЛАРУСІ НЯМА ГРОШАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

У першы ж дзень новага навучальнага году бацькоў выклікалі ў школу, каб паведаміць, што 10 “Г” кляса, дзе вучацца іхныя дзеці, будзе расфармаваная. Гаворыць адзін з бацькоў Аляксандар Сівец:

(Сівец: ) “Нам было абяцана, што кляса будзе захаваная. Але з панядзелку дзеці знаходзяцца пад няспынным прэсынгам — што іх будуць пераводзіць у іншыя клясы. Сказалі, што няма фінансаваньня. І таму бацькі напісалі ліст у гарадзкі аддзел адукацыі. Нам паведамілі, што заява будзе разглядацца цягам месяцу. Але за гэты час кляса можа быць зачыненая паводле закону”.

10 “Г” — адзіная ў школе кляса, у якой дзеці вучацца па-беларуску ад першага дня. Акрамя таго, сёлета да іх далучыліся яшчэ чатыры чалавекі, якія дагэтуль вучыліся па-расейску. Разыходзіцца па больш аддаленых беларускіх школах або па расейскіх клясах яны адмаўляюцца.

(Вучаніца: ) “Дырэктарка кажа, што наша кляса мусіць быць зачыненая. Канечне ж мы супраць, але дырэктарку ні ў чым не вінавацім, бо гэта не яе праблема, а праблема дзяржавы, што няма сродкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “На якой мове вы ўсё ж хочаце навучацца?”

(Вучань: ) “На беларускай”.

(Вучаніца: ) “На беларускай, канечне. Мы яе вывучаем зь першай клясы”.

(Вучаніца: ) “Мы яе вельмі любім, бо гэта наша родная мова”.

(Школьнікі разам: ) “Жыве беларуская мова!!!”

Паводле настаўнікаў, яны таксама ня супраць беларускамоўнага выкладаньня, бо ёсьць і практыка, і напрацоўкі, і дадатковыя гадзіны цяпер для настаўнікаў вельмі важныя. Аднак на адміністрацыю ціснуць раённыя ўлады. Гаворыць дырэктарка школы №181 Людміла Белавусава:

(Белавусава: ) “Кляса добрая — восем чалавек паступілі й засталося сем, але чатыры прыйшлі, і стала адзінаццаць. Я адразу паведаміла ў адміністрацыю нашага раёну, а яны мне сказалі, што прыйшла ўстаноўка, каб у беларускіх клясах было ня менш за чатырнаццаць чалавек. Дзеці вучацца, але нада мной, як Дамоклаў меч, вісіць абавязак заўтра даць канчатковыя зьвесткі пра напаўняльнасьць клясаў, паводле якіх ідзе разьмеркаваньне ўсіх нашых грошай, якія і дадуць нам на школу”.

Паводле ейных словаў, чыноўнікі абяцаюць захаваць клясу, але настаўнікі ў гэтым ня ўпэўненыя. Усяго ж у Менску з 237 школаў толькі 13 лічацца беларускімі і толькі 10 маюць асобныя беларускія клясы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG