Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПАСЁЛКУ ГУТА ВІЦЕБСКАЕ ВОБЛАСЬЦІ БАЦЬКІ ТРЭЦІ ДЗЕНЬ НЕ ПУСКАЮЦЬ СВАІХ ДЗЯЦЕЙ У ШКОЛУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Да пачатку заняткаў у Гуцкай сярэдняй школе не зьявіліся адразу 100 са 160 вучняў. Бо, паводле словаў іхных бацькоў – жыхароў мястэчка Гута Пастаўскага раёну, – яны сёньня ня маюць за што купіць школьныя прылады сваім дзецям. На тутэйшым шклозаводзе, дзе працуе амаль усё дарослае насельніцтва, заробак апошні раз атрымлівалі яшчэ ў красавіку… А напярэдадні, у сакавіку, Віцебскі абласны гаспадарчы суд прызнаў гэтае прадпрыемства банкрутам.

Каб пераканаць бацькоў, якія вырашылі не пускаць сваіх дзяцей да школы на знак пратэсту супраць тупіковай сытуацыі на адзіным у мястэчку прадпрыемстве, у школу выехалі прадстаўнікі раённае адміністрацыі. Старшыня Пастаўскага райвыканкаму Ванда Януковіч запэўніла бацькоў, што з раённага ды абласнога бюджэту будзе выдзеленая грашовая дапамога тутэйшым сем’ям. Таксама будзе адтэрмінаваная плата за карыстаньне падручнікамі, а ў самым скрайнім выпадку райвыканкам гатовы закупіць для вучняў мястэчка Гута сшыткі, ручкі ды алоўкі.

Некаторых бацькоў пераканаць удалося, і сёньня, як паведаміў старшыня раённага аддзелу адукацыі Аляксандар Кашырын, на заняткі не зьявіліся толькі 40 вучняў.

Сёньня ж старшыня райвыканкаму Ванда Януковіч скіравалася ў Менск, каб у Міністэрстве будаўніцтва ды архітэктуры, якому падпарадкаваны шклозавод “ГУТА”, высьветліць ягоны далейшы лёс ды пэрспэктывы тамтэйшых працаўнікоў. Дагэтуль спадзяваньні жыхароў Гуты на дапамогу вышэйшых уладаў ня спраўджваліся: прызначэньне новага кіраўніцтва ды адмысловы план вываду прадпрыемства з крызыснага стану, зацьверджаны прэм’ер-міністрам Генадзем Навіцкім, станоўчых вынікаў не далі, і на абласным сходзе крэдытораў было вырашана да канца верасьня прадаць завод з аукцыёну. Праўда, ахвотных пакупнікоў на стратнае прадпрыемства няма.

У падобным становішчы апынуліся яшчэ 615 беларускіх прадпрыемстваў, прызнаных сёлета банкрутамі. Аднак выпадак, калі бацькі не пускаюць дзяцей у школу, пратэстуючы супраць эканамічнае палітыкі ўсяе краіны, здарыўся на Віцебшчыне ўпершыню.
XS
SM
MD
LG