Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІЦЭНТАР: 11 ВЕРАСЬНЯ


Сяргей Шупа, Прага і Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Але напачатку – нью-ёркскі рэпартаж. Мой калега Сяргей Навумчык распавядае пра герояў верасьня.

(Навумчык: ) “Тых, хто загінуў пад час 11 верасьня, лічаць ахвярамі тэрарыстычных актаў. Гэта абсалютна справядліва ў дачыненьні да пасажыраў, якія знаходзіліся на борце чатырох угнаных авіяляйнэраў, тых людзей, якія загінулі пад рэшткамў WTC ды аднаго з карпусоў Пэнтагону. Аднак падаецца, што тэрмін “ахвяра” не зусім пасуе да тых, хто здолеў перахапіць у тэрарыстаў штурвал самалёта, які накіроўваўся на Вашынгтон, ды да паліцянтаў і пажарных, якія зь першых хвілінаў пачалі выратавальныя працы. Іх у Амэрыцы называюць героямі.

Сярод іх быў і саракачатырохгадовы Джордж Говард. Як вядома, у 1993 годзе у WTC ўжо адбыўся тэрарыстычны акт – тады ў выніку выбуху загінулі некалькі чалавек, а Джордж Говард уратаваў дзяцей, якія апынуліся ў ліфце. 11 верасьня Говард меў выходны дзень і пабачыў ахопленыя полымем вежы “блізьнятаў” па тэлевізары ў сваім доме на Лонг-Айлендзе, у трыццаці мілях ад месца трагедыі. Ён імгненна ўскочыў у аўтамабіль і хутка далучыўся да паліцыянтаў, якія выратоўвалі людзей. Але ў той дзень Говард не вярнуўся дадому – ягонае цела было знойдзенае пад рэшткамі WTC.

Ягоная 77-гадовая маці Арлін была сярод членаў сем’яў загіблых, якія сустракаліся з прэзыдэнтам Бушам, калі ён наведаў “граўнд зіро” праз тры дні пасьля тэрарыстычнай атакі. Арлін перадала Бушу срэбраны паліцэйскі значак Джорджа нумар 1012 і папрасіла прэзыдэнта захаваць яго ў гонар сына і ўсіх паліцыянтаў і пажарнікаў, якія ахвяравалі жыцьцём.

А праз шэсьць дзён уся нацыя даведалася пра Джорджа Говарда. Калі прэзыдэнт Буш выступаў перад Кангрэсам, ён дастаў з кішэні значак і сказаў, што родныя і блізкія будуць захоўваць у памяці твары і галасы загіблых, а ён, Буш, захавае значак гераічнага паліцыянта. Фатаздымак Буша са значкам Говарда абышоў першыя палосы амэрыканскіх газэтаў і да сёньняшняга дня выкарыстоўваецца на плякатах у памяць 11 верасьня.

Маці паліцыянта, Арлін Говард, глядзела выступ Буша ў Кангрэсе па тэлебачаньні і была не гатовая пачуць імя свайго сына ў выступе прэзыдэнта перад Кангрэсам і дзясяткамі мільёнаў амэрыканцаў. Яна сказала, што была зьдзіўленая, але ў той час і шчасьлівая. Яна даўно на пэнсіі, і цяпер дапамагае даглядаць сыноў Говарда, сваіх унукаў Крыстафэра і Робэрта.

У той дзень загінулі 60 паліцыянтаў і 343 пажарных”.


А зараз пра тое, хто стаяў за тэрарыстычнымі ўдарамі па Злучаных Штатах.

Сьледзтва ў справе тэрарыстычных нападаў пачалося адразу пасьля таго, як аб вежу Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру разьбіўся другі самалёт.

Празь некалькі дзён сьледчыя ўжо мелі на руках сьпісы 19 тэрарыстаў, якія захапілі чатыры пасажырскія самалёты. Усе яны непасрэдна або ўскосна мелі дачыненьне да «Аль-Каіды», ваяўнічай ісьлямісцкай арганізацыі, кіраванай Усамам бін Лядэнам, а прынамсі чацьвёра зь іх праходзілі падрыхтоўку ў адмысловых лягерах «Аль-Каіды» ў Афганістане.

17 верасьня Джордж Буш публічна назваў Усаму бін Лядэна «галоўным падазраваным» у арганізацыі нападаў.

ФЭДЭРАЛЬНАЕ БЮРО РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯЎ
ШУКАЕЦЦА Ў СУВЯЗІ З ЗАБОЙСТВАМ ГРАМАДЗЯНАЎ ЗША
УСАМА БІН ЛЯДЭН
Год нараджэньня - 1957
Месца нараджэньня - Савудаўская Арабія
Род заняткаў – невядомы
Асобыя заўвагі – кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі, вядомай як «Аль-Каіда». Ляўша, ходзіць з кійком
Асобыя прыкметы – няма

Узнагарода за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці і затрымаць Бін Лядэна – 25 мільёнаў даляраў.


Бін Лядэн, багаты савудаўскі эмігрант, на момант нападаў ужо некалькі гадоў жыў у Афганістане, пад апекай і абаронай рэжыму Талібаў. Злучаныя Штаты лічылі яго вінаватым у ранейшых антыамэрыканскіх актах тэрору, у тым ліку ў нападзе на амбасады ЗША ў Кеніі і Танзаніі ў 1998 годзе.

Дэкляраваная мэта Бін Лядэна – вызваліць Сьвятыя Мясьціны ад амэрыканцаў, а таксама адхіліць ад улады арабскія ўрады, што супрацоўнічаюць са Злучанымі Штатамі. Ягоная мара – стварэньне адзінага халіфату, які ахапіў бы ўвесь арабскі і ісьлямскі сьвет.

Пра кіраваную Бін Лядэнам арганізацыю «Аль-Каіда» вядома мала. Аднак, на думку спэцыялістаў, яна ўяўляе сабою прынцыпова новую пагрозу. Аўтар кнігі «Ўнутры Аль-Каіды» Роган Гунаратна апісвае яе так:

«Аль-Каіда – гэта першая шматнацыянальная арганізацыя ХХІ стагодзьдзя. Да яе належаць грамадзяне 40 розных краінаў. Яна так ці іначай прысутная ў 94 краінах сьвету. Для барацьбы з транснацыянальнай групай маштабаў «Аль-Каіды» патрэбная глябальная арганізацыя, глябальная структура», – лічыць экспэрт у пытаньнях тэрарызму Роган Гунаратна.

Чым небясьпечная «Аль-Каіда»? Вось што сярод іншага лічыць на гэты конт брытанскі палітоляг Пол Ўілкінсан: «Жорсткасьць, прадэманстраваная 11 верасьня, сьведчыць пра тое, што калі б яны мелі доступ да хімічнай, біялягічнай або ядзернай зброі, яны б без ваганьня яе ўжылі».

2 кастрычніка генэральны сакратар NATO Джордж Робэртсан заявіў, што Злучаныя Штаты падалі пераканаўчыя сьведчаньні пра непасрэднае дачыненьне да нападаў 11 верасьня Ўсамы Бін Лядэна і кіраванай ім «Аль-Каіды».

Сьвет стаіўся ў чаканьні амэрыканскага ваеннага адказу. Чакаць давялося нядоўга...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG