Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЭЦІ ДЗЕНЬ СТРАЙКУЮЦЬ ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ БЕЛАРУСІ


Міхал Стэльмак, Менск

Сталічныя прадпрымальнікі правялі сёньня агульнагарадзкі сход ля гандлёвага цэнтру “Паркінг”. Як прагучала на сходзе, у Менску трэці дзень не працуюць рэчавыя выставы й кірмашы, якія падтрымалі дзеяньні Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў. Актывістка рады Кацярына Чыжык абвясьціла сходу, што страйк ужо мае першы вынік. Улады зьвярнулі ўвагу на прадпрымальніцкую акцыю:

(Чыжык: ) “У нас ёсьць маленькае пацяпленьне, зрух у пазыцыі ўраду — зь яго боку назіраюцца крокі ў наш бок. Сёньня мы запрошаныя ў менскі камітэт прадпрымальнікаў, каб выпрацаваць агульную пазыцыю. У чацьвер запрошаныя ў Менгарвыканкам на сустрэчу з намесьнікам старшыні Ярохавым.

Таксама ў нас плянуецца сустрэча ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі з удзелам намесьніка міністра Андрэя Тура. Мы мяркуем, што прэзыдэнт у курсе нашых праблемаў. Мы маем зьвесткі, што прэзыдэнт даў указаньне спадару Навіцкаму — прэм’еру — разгледзець гэтую сытуацыю”.

Сход абмеркаваў пазыцыю прадпрымальнікаў, якую іхныя прадстаўнікі мусяць давесьці да ўладаў. Бізнэсоўцы вырашылі настойваць на правядзеньні “круглага стала” з удзелам кіраўніцтва краіны. Але найпершай перадумоваю дыялёгу, на меркаваньне сходу, мусіць быць спыненьне дзеяньня шэрагу заканадаўчых актаў. У прыватнасьці — тых, якімі былі ўведзеныя касавыя апараты. Без задавальненьня гэтага патрабаваньня менскія бізнэсоўцы не зьбіраюцца спыняць страйк.

(Чыжык: ) “Нашыя дзеяньні — што вы прапануеце?”

(Спадарыня: ) “Страйкаваць!”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Страйкаваць!”

(Малахаў: ) “Ці згодныя вы?”

(Іншыя ўдзельнікі: ) “Так”.

Прадпрымальнікі вызначылі плян сваіх дзеяньняў на заўтра. Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасць” Леанід Малахаў:

(Малахаў: ) “Калі мы ня будзем пачутыя, то заўтра аб 11-й гадзіне мы выйдзем на Кастрычніцкі пляц і сядзем там на знак пратэсту супраць антыпрадпрымальніцкіх дзеяньняў. Каб іншыя людзі ведалі, што парушаюцца правы прадпрымальнікаў.

Гэта была ініцыятыва прадпрымальнікаў, ініцыятыва “Прыватнай уласнасьці, якую я ўзначальваю”.
XS
SM
MD
LG