Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ВІЗЫТУ ЛЕАНІДА КОЗІКА Ў БАГДАД ТРЫМАЮЦЦА Ў САКРЭЦЕ


Валер Каліноўскі, Менск

У прыёмнай спадара Козіка паведамілі, што ён у службовай выправе, не пацьвердзіўшы пры гэтым яе месца — Багдад...

Афіцыйна асноўная мэта візыту Леаніда Козіка ў Багдад, які адбываецца з 30 жніўня па 3 верасьня,— абмеркаваньне рэалізацыі дамоўленасьцяў апошняга паседжаньня сумеснай камісіі двухбаковага эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва. Аднак была яшчэ адна нагода — перадаць Садаму Гусэйну асабістае пасланьне ад Аляксандра Лукашэнкі.

Прэсавая сакратарка апошняга Натальля Пяткевіч на пытаньне пра зьмест гэтага ліста адказала наступным чынам: “Зьвяртайцеся да самога Леаніда Козіка”. Тое ж, што з афіцыйным візытам у Багдад выправіўся ня ўрадавы чыноўнік, кім быў Леанід Козік раней, а кіраўнік буйной грамадзкай арганізацыі — Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай, прэзыдэнцкую адміністрацыю асабліва не турбуе: “Адно ад другога не залежыць. Апрача лідэрства ў ФПБ Леанід Козік займае пасаду сустаршыні Беларуска–Ірацкай камісіі эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва”,— зазначыла Натальля Пяткевіч.

Ніякіх падрабязнасьцяў пра зьмест перамоваў Леаніда Козіка і Садама Гусэйна не змаглі паведаміць і ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік гэтага міністэрства Павал Латушка:

(Латушка: ) “Няма ніякае таямніцы ў гэтым візыце, бо ён ажыцьцяўляўся са згоды камітэту па санкцыях ААН. Леанід Козік знаходзіцца ў Іраку як сустаршыня Беларуска–Ірацкай гандлёва–эканамічнай камісіі. І натуральна, што абмяркоўваліся пытаньні разьвіцьця гандлёва–эканамічнага супрацоўніцтва па выніках апошняга паседжаньня двухбаковай камісіі, якое прайшло ў Менску. Пытаньні гандлёва–эканамічнага супрацоўніцтва разглядаюцца выключна ў рамках праграмы “Нафта ў абмен на харч”. Што тычыцца канкрэтных вынікаў візыту, мяркуем, што іх прадставіць Леанід Козік пасьля вяртаньня ў Менск”.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка зазначыў, што Беларусь разглядае Ірак як рынак для збыту беларускай прадукцыі.

Візыт спадара Козіка адбываецца пад час абвастрэньня міжнароднай сытуацыі вакол Іраку, які чакае магчымай атакі з боку ЗША, гэтым візытам беларускі бок выказвае палітычную падтрымку Іраку,— лічыць апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я мяркую, што паводзіны А.Лукашэнкі адэкватныя і лягічныя. Нагадаем гісторыю: у крытычны час для Мілошавіча Лукашэнка ня толькі накіроваў сваіх пасланьнікаў, але й сам езьдзіў у Бялград, дэманструючы маральную і палітычную падтрымку свайму сябру.

А сяброў у яго, дарэчы, ня так шмат. А з другога боку, ён вывучаў сытуацыю, што адбывалася ў гэтай краіне, мяркуючы, што такі сцэнар будзе выкарыстаны і ў дачыненьні да беларускага рэжыму”,— зазначыў Анатоль Лябедзька.

У амбасадзе ЗША ў Менску пакуль не камэнтуюць апошнія кантакты беларускага кіраўніцтва з Садамам Гусэйнам.
XS
SM
MD
LG