Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПРЫ ФІНАНСАВАЙ ПАДТРЫМЦЫ МІНІСТЭРСТВА ЭКАНОМІКІ НЯМЕЧЧЫНЫ СТАРТАВАЛА ПРАГРАМА ПАДТРЫМКІ ГУМАНІТАРНЫХ ПРАЕКТАЎ


Алена Панкратава, Менск

У часе размовы былі закранутыя пытаньні цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама магчымыя дачыненьні краіны з новым нямецкім кіраўніцтвам пасьля маючых адбыцца выбараў.

Паводле шэрагу вядучых нямецкіх аналітыкаў, да якіх належыць і доктар паліталёгіі з Мангаймскага ўнівэрсытэту Астрыд Заам, магчымая зьмена ўраду ў ФРГ пасьля 20 верасьня можа пэўным чынам адбіцца на характары нямецка-беларускіх дачыненьняў. Канечне, пры любым урадзе Нямеччына будзе працягваць дзейнічаць у рамках агульных падыходаў Эўразьвязу. Аднак у выпадку прыходу да ўлады новай палітычнай кааліцыі зьменшыцца тая агульная заангажаванасьць, якую зараз дэманструюць сацыял-дэмакраты і “зялёныя”.

Вольфганг Берандт, Ута Цапф, шэраг іншых вядомых у Беларусі палітыкаў — гэта тыя людзі, для якіх надзвычай важна, каб Беларусь хутчэй знайшла сваё адпаведнае месца ў эўрапейскім кантэксьце. Прадстаўнікі іншай палітычнай кааліцыі,— лічыць доктар Астрыд Заам,— менш валодаюць беларускай тэмаю, што ёсьць ня самай лепшай перадумовай для вядзеньня актыўнай палітыкі.

Якія зьмены ў дачыненьнях могуць адбіцца на прыкладзе той жа праграмы падтрымкі гуманітарных праектаў у Беларусі, якую ініцыявалі вядомыя сацыял-дэмакраты і “зялёныя”, рашучыя праціўнікі гэтак званай палітычнай і эканамічнай ізаляцыі Беларусі? З гэтага пытаньня пачынаецца нашая размова з доктарам Астрыд Заам...

(Заам: ) “Гэта цяжка сказаць, бо прагнозы заўсёды маюць фактар рызыкі. Аднак праграму падтрымкі можна лічыць вынікам узаемадзеяньняў паміж нямецкімі грамадзкімі арганізацыямі, якія супрацоўнічаюць з адпаведнымі NGO ў Беларусі, і тымі нямецкімі палітыкамі, якія бачаць у Беларусі краіну-суседку, эўрапейскую дзяржаву. З таго, што пачатак такім дачыненьням пакладзены, рэалізацыя праграмы будзе працягвацца ў 2003–2004 гадох, ёсьць надзеі, што пры добрых выніках незалежнага ад палітычнай афарбоўкі нашага будучага ўраду можна будзе надалей працягваць гэтую праграму”.

Ініцыятары падобнай праграмы распрацоўвалі свой праект задоўга да падзеяў 15 жніўня. Сёньня, паводле нямецкіх экспэртаў, можна нават спадзявацца на нейкае спрыяльнае палітычнае разьвіцьцё Менску ў дачыненьні да Захаду. Шэраг аналітыкаў нават не выключаюць, што ў хуткім часе ў Менск зможа вярнуцца місія АБСЭ на чале з Гайкенам. Паводле нямецкіх экспэртаў, падобнае разьвіцьцё падзеяў не магло б адбыцца бязь ціску Захаду на кіраўніка Крамля.

(Заам: ) “Як я ведаю, гэтае беларускае пытаньне ўздымаецца і ўздымалася ў рамках розных сустрэчаў Захаду з Масквою з тым, каб знайсьці агульную інтэрпрэтацыю сытуацыі ў Беларусі. Ні Эўразьвяз, ні ЗША, на жаль, не маглі толькі сваімі намаганьнямі атрымаць ад Беларусі тыя вынікі, якіх чакалі, а менавіта дэмакратызацыі, і таму яны зьвярталіся да расейскага кіраўніцтва. У сваю чаргу, пасьля падзеяў 11 верасьня для Пуціна пачаў адыгрываць пэўную ролю і імідж Беларусі на міжнародным узроўні. Ён проста не выглядаў прыгожым тлом у дачыненьнях Крамля з заходнімі краінамі, эўрапейскімі арганізацыямі”.

Палітоляг Астрыд Заам ня згодная з тымі аналітыкамі, якія лічаць, што Масква хоча бачыць Беларусь у якасьці суб’екта Расейскай Федэрацыі. На меркаваньне мангаймскага аналітыка, цяперашні імідж Пуціна — імідж эфэктыўнага палітыка, які аднаўляе вялікадзяржаўнасьць Расеі шляхам яе эканамічнай мадэрнізацыі. Ягонае стаўленьне да Беларусі трэба разглядаць менавіта ў гэтым кантэксьце. Пуцін чакае абяцанай Лукашэнкам прыватызацыі, цынічна сьцьвярджае, што ніякіх палітычных дывідэндаў Менск ад яе не атрымае. Наадварот, лепш для Менску хутчэй пусьціць у Беларусь расейскі капітал, каб ня здарыўся “горшы варыянт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG