Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКАНАМІЧНЫ ПРАГНОЗ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ НА 2003 ГОД ЗНОЎКУ ЗАНАДТА АПТЫМІСТЫЧНЫ,— ЛІЧАЦЬ ЭКСПЭРТЫ МВФ


Алесь Грыневіч, Менск

Ад восені 2000 году, калі быў адноўлены адзіны абменны курс беларускага рубля, урад Беларусі спрабуе дамовіцца зь Міжнародным валютным фондам пра крэдыты. Адсоткі, якія трэба плаціць за крэдыты МВФ, меншыя за стаўкі камэрцыйных банкаў, але трэба выконваць шэраг умоваў у эканамічнай палітыцы. Летась беларускі ўрад спрабаваў ажыцьцявіць эканамічную праграму, якая б дазволіла распачаць перамовы пра пазыкі. Але спроба скончылася няўдала — урад ня выканаў шэраг паказчыкаў бюджэту, бо тэрмінова давялося падвышаць заробкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Дамовіцца мінулай восеньню пра падобную праграму на сёлета не атрымалася. Экспэрты МВФ палічылі занадта аптымістычнымі прагнозы беларускага ўраду наконт эканамічнага росту ды ўзроўню інфляцыі. Такія ж заўвагі яны цяпер маюць і да прагнозаў на наступны год. Гаворыць сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі й Літве Марк Хортан:

(Хортан: ) “Я ведаю, напрыклад, што ўлады плянуюць рост валавага ўнутранага прадукту налета на 7–7,5%. Натуральна, нашыя экспэрты больш асьцярожныя. Яны лічаць, што прагноз росту на 3–4% больш рэалістычны. Па-другое, нашыя экспэрты лічаць, што, каб утрымаць інфляцыю на заплянаваным узроўні ад 18 да 24%, трэба больш абмежаваць выпуск новых грошай, чым гэта плянуе рабіць беларускі бок. Па-трэцяе, улады разьлічваюць атрымаць у наступным годзе 900 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцыяў. На нашую думку, гэта таксама звышаптымістычны прагноз”.

Кіраўнік сэктару Навуковага інстытута эканамічных дасьледаваньняў Міністэрства эканомікі Аляксандар Зайцаў кажа, што аптымістычныя прагнозы ўраду на наступны год вынікаюць з плянаў маштабнай прыватызацыі.

(Зайцаў: ) “У нас зараз заплянавана да прыватызацыі 198 вельмі важных дзяржаўных прадпрыемстваў. Прычым шэсьць асноўных — у паліўна–энэргетычным комплексе — ужо сёлета ўвосень павінныя быць уключаныя ў працэс прыватызацыі. І пакуль што няма падставаў меркаваць, што гэны працэс нейкім чынам будзе спынены ці скарэктаваны”.

У той жа час спадар Зайцаў пагаджаецца, што некаторыя прагнозныя паказчыкі на сёлета наўрад ці будуць выкананыя, аб чым у свой час папярэджвалі экспэрты МВФ. У прыватнасьці гадавы ліміт інфляцыі — 38% — ужо амаль вычарпаны, хоць да канца году застаецца яшчэ 4 месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG