Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАРАВЕЧНЫЯ БЕЛАРУСЫ БАРАНIЛI СВАЮ ГОДНАСЬЦЬ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Удзельнiчае: гiсторык Ян Шубанскi

(Ракiцкi: ) “Чалавек, як вядома, істота надзвычай канфліктная. У спрэчках, а часам нават беспадстаўна, кiдаецца словамi, што абражаюць, зьневажаюць iншых. У сучаснай Беларусi мы прызвычаiлiся i да абразаў, i проста да брыдкаслоўя. А як ставiлiся да гэтага нашыя продкi? Цi старавечныя беларускiя месьцiчы баранiлiся ад абразаў сваёй годнасьцi? Якiмi прававымi нормамi, прыкладам, ў 16-17 стагодзьдзях рэгулявалася маральная недатыкальнасьць асобы? Наагул, ці ўспрымалася абраза словам у мяшчанскім асяродзьдзі як від злачынства?

(Шубанскi: ) “Пытаньне насамрэч надзвычай цікавае. Дасьледчык, які меў магчымасьць працаваць з актавымі кнігамі магістратаў беларускіх гарадоў, ведае, што скаргі аб абразе мяшчанскай годнасьці словам займаюць у судовых кнігах далёка не апошняе месца”.

(Ракiцкi: ) “Маiм госьцем – гiсторык Ян Шубанскi. А ці можна нейкім чынам скласьці пэўную класыфікацыю абразаў у 16-17 стагодзьдзях?”

(Шубанскi: ) “На першае месца мусім паставіць зьнявагі, зьвязаныя з паходжаньнем, з нараджэньнем па-за межамі законнага шлюбу, абвінавачаньне маці чалавека ў разбэшчанасьці. Паказальна, што ў Статуце 1588 г. гэтыя пытаньні знайшлі належнае адлюстраваньне:

Теж уставуем, иж коли бы хто кому рек, жесь ты неучстивое матки и нечистого ложа сын, а того бы на него не довел, а тот, которому примовено, с того слушне бы се вывел, тогды сказуем, иж таковый маеть оного навязати совито сорока копами грошей. А тую примовку перед тым же судом заразом, с права не отходечи, так очистити и тыми словами одмовити маеть, штоесми менил на тебе, жебысь ты был неучстивое матки и нечистого ложа сын, том на тебе брехал яко пес.

(Ракiцкi: ) “Добра ведаем, што абраза гонару аднаго шляхціца iншым амаль імгненна выклікала сатысфакцыю, выклік на двухбой, “на руку”, як тады казалі. Цікава, а як у мяшчанскім асяродзьдзі вырашаліся падобныя праблемы?”

(Шубанскi: ) “Звычайна месьцічы не рызыкавалі ўласным жыцьцём. Іх цалкам задавальняла публічнае перапрашэньне ды грашовы штраф за абразу. Асабліва сур’ёзна ставілася беларускае бюргэрства да зьнявагаў уласнай прафэсійнай дзейнасьці, так бы мовіць, пытаньні іміджу “фірмы”.

(Ракiцкi: ) “Ян, а ці можна прывесьці нашым слухачом які-небудзь канкрэтны прыклад, калі абраза прафэсійнай кваліфікацыі майстра паклікала крыўдзіцеля ў суд?”

(Шубанскi: ) “Прыкладаў можна прывесьці надзвычай шмат. Хіба што спынімся на здарэньні, якое мела месца ў Магілёве ў 1577 годзе. У магістрацкі суд са скаргай на калегу па прафэсіі, Косьцю Яцкавіча, зьвярнуўся магілёўскі ювелір Улас Багданавіч (па-старабеларуску гэтая прафэсія звалася залатар). Мала таго, што канкурэнт прылюдна яго “лаиал и словы не учстивыми соромотил”, дык ён яшчэ меў нахабства паставіць пад сумнеў прафэсійную рэпутацыю заяўніка:

А над то яшчэ фалшэрам называл, ў чом ён разумеючы быт не малое убліжэне своей у добрай славе і пачстіваму захаваню, звлаща зелжене вялікае відзечы рамяслу свайму залатарскаму, каторае тых прычын церпліве зносіць не звыкло, хоцечыся з такового падазрэнства Улас вывесть жедал а вчынене справедлівасці.

(Ракiцкi: ) “Напэўна, і абвінавачаны меў нейкія контраргумэнты?”

(Шубанскi: ) “Натуральна, так. Косьця даводзіў і на судзе, “…што не без причины поведаючи дей то на него вел, але подзроным его в том быти разумел”. Бо, як ён цьвердзiў, ягоны калега замест срэбраных з пазалотай гузікаў прадаў рэчы, вырабленыя з бронзы, “через Богдана Сидоровича мещанина Могилевского теж мещанину Могилевскому Лукъяну Міхайловичу Пилку”. Аднак гэтыя мяшчане, выкліканыя на суд, не пацьвердзілі абвінавачаньняў. Магістрат, улічваючы ўсе вышэйзгаданыя акалічнасьці ды паказаньні сьведкаў, вынес вырак на карысьць Уласа:

Врад зрозумевшы то напрод же, Улас чловек не лозный, але в месте короля его милости Могилевском добре оселый, иако один з мещан господарских Могилевских. А за то што на него клал, а не довел, же сам того близким ест, про то вси шкоды и наклады судовые, которые от него на тот час поднял, водле права нагородити и слушне ему оправити винен будет.

(Ракiцкi: ) “Ян, скажыце, а ўвогуле лаянка, абразы непрыстойнымі словамі, калі гаворка ня йшла пра нейкую прафэсійную дзейнасьць пакрыўджанага, ці ўспрымалася на масавым узроўні сьвядомасьці як супрацьпраўнае дзеяньне, якое мусіла разглядацца ў судзе? Чаму я пытаю пра гэта?.. Добра ведама, што зараз, на жаль, хамства на вуліцах беларускіх гарадоў больш чым дастаткова... Сёньня, калі чалавека абражаюць непрыстойным словам на вуліцы, то звычайна справу да суду даводзяць толькі адзінкі. Можа, і ў той час падобныя звароты былі хутчэй выняткам, чым правілам?”

(Шубанскi: ) “Калі размова ідзе пра другую палову 16-га і 17-е стагодзьдзi, то тут з вамі надзвычай цяжка пагадзіцца. У дадзеным выпадку можам скарыстацца з паслугаў статыстыкі. У судовых кнігах магілёўскага магістрату падобныя скаргі займаюць трэцяе месца пасьля крымінальных злачынстваў ды маёмасных скаргаў. У мяне дык склалася ўражаньне, што любая публічная зьнявага годнасьці і гонару мешчаніна амаль імгненна выклікала ў апошняга надзвычай тыповую рэакцыю—зварот у суд. Прычым, магістрат такія справы не пакідаў без разгляду і ўвагі. Падкрэсьлім, сярод гэтых скаргаў, якія былі разгледжаныя ў судзе, вельмі шмат такіх “нязначных”, як скажам, звычайная побытавая лаянка паміж суседзямі. Аднак, суд не казаў, як зараз, скажам, “ну што вы паміж сабой па людску разабрацца не можаце”, а браў такія справы да разгляду. Асабліва пільную ўвагу да сябе прыцягвалі абразы непрыстойнымі словамі. “Нецэнзуршчына” каралася даволі жорстка”.

(Ракiцкi: ) “Вы сказалі пра нецэнзурныя выразы… Цікава, а ці захавалася ў крыніцах якая небудзь аргумэнтацыя, якая дазваляе нам зразумець прычыны такого жорсткага стаўленьня з боку тагачаснай гарадзкой супольнасьці да аматараў брыдкаслоўя? Зноў-такі, с сумам мусім канстатаваць, што брудная лаянка на вуліцах сучасных беларускіх гарадоў, на жаль, не выглядае анамаліяй…”

(Шубанскi: ) “Такое стаўленьне да лаянкі было зусім натуральным для хрысьціянскай культуры. Тым болей, што час пра які мы гаворым, характарызуецца дзьвюма істотнымі рысамі – з аднаго боку, адбываецца больш глыбокае засваеньне хрысьціянскай дактрыны на масавым узроўні, а зь iншага – істотна ўзмацняецца індывідуалізм у мяшчанскім асяродзьдзі. А ўвогуле, згодна з тагачаснымi ўяўленьнямi, брыдкаслоўе – прамы шлях да пекла. Прынамсі, лічылася, што бацькі, якія вучаць сваіх дзяцей лаяцца, туды мусяць патрапіць абавязкова”.

(Ракiцкi: ) “Раз мы ўжо пачалі казаць пра брыдкаслоўе, то было б цікава даведацца пра канкрэтныя формы пакараньня за падобную абразу”.

(Шубанскi: ) “Пакараньне за брыдкаслоўе было даволі адчувальным для крыўдзіцеля. Той, хто дазваляў сабе такую “раскошу” рызыкаваў патрапіць на грамадзкія працы тэрмінам ад тыдню і да месяцу. Так, за абразу “злымі словамі” ў 1666 годзе дабрапрыстойнага слуцкага месьціча ягоны крыўдзіцель быў пакараны замкавымі працамі. Вядомыя выпадкі, калі аматараў непрыстойнай лексікі прымушалі чысьціць прыбіральні, выкідныя ямы для смецьця”.

(Ракiцкi: ) “Скажыце, Ян, а хіба ўсіх без вынятку, адразу чакала падобная кара?”

(Шубанскi: ) “Падобнае пакараньне, якое спалучалася са знаходжаньнем крыўдзіцеля ў вязніцы і грашовым штрафам, было максымальнай карай. Як правіла, першапачаткова, калі крыўдзіцель да гэтага падобных учынкаў не зьдзяйсьняў, магістрат прымушаў яго пад прысягаю паклясьціся, што ў будучым падобнага “ён чыніці не будзе”, а таксама гэты чалавек мусіў публічна перапрасіць абражанага ім. Надзвычай паказальная ў сувязі з гэтым справа “а сораму” паміж магілёўскімі мяшчанкамі Марыяй Лепанавай і Кулінай Андросавай, якую магістрат разгледзеў у ліпені 1600 году:

“Маря Ліпанава жалавала на Куліну Андросавую, мяшчанку магілёўскую, а том што не маючы да мяне жадное потребы словы неучцівымі на беседзе і на вуліцы лаяла і сарамаціла”.

Тая катэгарычна адмаўляла ўсе заявы пакрыўджанай. Аднак абражаны бок меў сьведкамi суседзяў, якія “згодна і аднастайна” пацьвердзілі словы пацярпелай. Урэшце, кабеты вырашылі справу палюбоўна: яны пакляліся ў будучым не абражаць адна другую. У выпадку ж паўтарэньня падобных дзеяньняў іх чакала незайдросная пэрспэктыва грашовага штрафу і “каране вязеннем у куні”. Трошкі патлумачым апошнюю фразу. Куна—гэта адмысловы нашыйнік, які быў умураваны ў сьцяну ратушнай турмы і прызначаўся найперш для пакараньня як раз тых, хто абражаў добрапрыстойных абываталяў. Паклёпнікі ж караліся яшчэ болей жорстка—магістрат мог выракчы іх да стаяньня у нашыйніку каля слупу ганьбы на Гандлёвай плошчы. Такі чалавек, акрамя маральных пакутаў, адчуваў і фізычныя, бо станавіўся мішэняй для дзяцей, якія дэманстравалі свае снайпэрскія здольнасьці, кідаючы ў яго камяні ды камлыгі зямлі”.

(Ракiцкi: ) “Скажыце, Ян, адкуль ня ў шляхціца, а ў месьцічаў, простых гараджанаў, было такое трапяткое стаўленьне да ўласнай годнасьці і гонару? І чаму сёньня мы з сумам канстатуем зусім інакшы малюнак на вуліцах беларускіх гарадоў?”

(Шубанскi: ) “Адказ, што называецца, на паверхні. Тагачасныя гараджане былі прыватнымі ўласьнікамі, суб'ектамі тагачаснага права. Адсюль такі высокі ўзровень самапавагі, індывідулізм. Яны былі свабоднымі людзьмі. А свабодны чалавек гонар мае і нікому не дазваляе перакрэсьліць рысу, якая ператварае чалавека ў раба і хама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG