Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САКРЭТНЫЯ АГЕНТЫ І КРЫМІНАЛЬНІКІ ПРАЦУЮЦЬ РАЗАМ


Ул. інф.

У часе адмысловай апэрацыі пад назвай “Усход” супрацоўнікі BKA выявілі некаторыя факты дачыненьняў сакрэтных агентаў з крымінальнікамі ў такіх галінах, як гандаль людзьмі, адмываньне грошай і нелегальны пераход мяжы. Днямі суд Фэдэральнай зямлі Райнланд-Пфальц распачаў судовы працэс супраць аднаго з выканаўцаў такога пераходу.

Як піша “Der neue Tag” і шэраг іншых выданьняў зямлі Райнланд-Пфальц, у сакавіку на нямецка-польскай мяжы былі затрыманыя два маладыя нелегалы. Адзін зь іх — грамадзянін Беларусі. У ягоным пашпарце не было нямецкай візы, а тэрмін ваўчэра, паводле якога ён знаходзіўся ў Польшчы, даўно скончыўся.

Другі грамадзянін таксама ня меў візавай адзнакі, аднак за апошнія 8 месяцаў рэгулярна наведваў Нямеччыну — як праваднік. За гэты час ён правёў празь мяжу дзясяткі грамадзянаў Расеі ды Беларусі. Ягоны апошні пераход мяжы быў 76-м па ліку. Мяркуецца, што ў часе такіх ходак абвінавачаны атрымаў за свае паслугі каля 10 тысячаў даляраў ЗША. Часам ён праводзіў нелегалаў і задарма.

Паводле інфармацыі супрацоўнікаў зямельнай крымінальнай паліцыі, хлопец займаўся гэтым бізнэсам ад 2001 году і працаваў на цэлую сетку арганізацыяў. Радыюс ягоных пераходаў з кожным месяцам пашыраўся. Сваю працу ён выконваў выключна самастойна.

Як сьведчыць сам затрыманы, сакавіцкі пераход мяжы мусіў стаць апошнім у ягонай дзейнасьці. Разам са сваім сябрам, таксама затрыманым, ён зьбіраўся накіравацца ў Марсэль і ўладкавацца там у “Замежны легіён”. Характэрна, што запыты супрацоўнікаў нямецкай крымінальнай паліцыі у маскоўскае, менскае і варшаўскае бюро Інтэрполу не прынесьлі посьпехаў у справе ідэнтыфікацыі асобы. Дадзеных на яго ў кампутарах не было. Нямецкі бок не выключае, што ў малодага чалавека існуе нейкая легенда, створаная кампэтэнтнымі службамі адной з краінаў СНД.

Паводле інфармацыі Баварскага ведамства абароны канстытуцыі, на якую спасылаецца газэта “Die Welt”, карпарацыi, у якiя ўваходзяць шпіёны і крымінальнікі, падтрымліваюць сувязь ня толькі з адказнымі прадстаўнікамі палітычных і эканамічных колаў у сваіх краінах, але маюць таксама дачыненьні і зь нямецкімі бізнэсоўцамі.

Як піша выданьне, часта ў адпаведнасьці з задачамі такіх карпарацыяў ствараюцца фірмы, мэта якіх — адмываньне грошай. Адмытыя грошы ўкладаюцца пераважна ў нерухомасьць, рэстарацыі, гатэлі, мяняльныя канторы. Для ажыцьцяўленьня тайных апэрацыяў выкарыстоўваюцца фірмы, якія займаюцца экспартам ды імпартам, турыстычныя або інфармацыйныя агэнцыі, экспэдыцыйныя канторы, часам нават асобы, якія называюць сябе “вольнымі журналістамі”. Апошнія нярэдка арганізуюць на старонках эўрапейскіх СМІ гэтак званы “выкід кампрамату” супраць тых ці іншых расейскіх, беларускіх дый украінскіх палітыкаў.

Падобная гісторыя надарылася летась, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у рэгіянальнай газэце “Мuenstersche Zeitung” былі надрукаваныя нататкі пра нямецкі сьлед генэрала Захаранкі. Спробы зацікаўленых немцаў знайсьці журналіста з дапамогаю адпаведных структураў аказаліся безвыніковымі.

Як канстатуюць прадстаўнікі Фэдэральнай службы абароны ад шпіянажу, цікавасьць да Нямеччыны ды іншых краінаў Захаду з боку спэцслужбаў былога СССР захоўваецца.
XS
SM
MD
LG