Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЧАЎСЯ ПРАЦЭС У ПРЫЗНАНЬНІ ПАМЕРЛЫМ ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс прызнаньня памерлым Юрыя Захаранкі ініцыявалі ягоныя жонка й дочкі, якія цяпер жывуць у Нямеччыне. Два месяцы таму ў беларускім друку былі надрукаваныя іхныя звароты да магчымых сьведкаў таго, што 7 траўня 1999 году здарылася зь Юрыям Захаранкам. На гэтыя абвесткі ніхто не адгукнуўся. Праблемы паўсталі і са сьведкамі, якіх прапанаваў суду бок Юрыя Захаранкі.

Зь невядомых прычынаў сёньня ў суд не зьявіўся былы міліцыянт Арэстаў, які сустракаўся зь Юрыям Захаранкам напярэдадні ягонага зьнікненьня. Месяц таму памер сьведка Ўладзімер Кармілкін — гэта ад яго Захаранка за гадзіну да зьнікненьня накіраваўся дадому. Пры жыцьці Кармілкін згадваў, што сам бачыў аўтамабіль, зь якога сачылі за Юрыям Захаранкам. Пра сачэньне за Захаранкам паведамілі сёньня суду сьведкі Ўладзімер Барадач і Васіль Шлындзікаў, які, у прыватнасьці, сказаў:

(Шлындзікаў: ) “Няма сумневу, што яго выкралі спэцслужбы, а таму вышэйшаму кіраўніцтву краіны пра гэта добра вядома, як і пра тое, што сталася з Захаранкам далей. Пра гэта сьведчаць і дакумэнты, якія потым зьявіліся, таму ўлада іх быццам не заўважае. Недзе тры месяцы пасьля зьнікненьня мы яшчэ спадзяваліся, што Захаранку могуць выпусьціць, але цяпер зразумела, што гэтага ніколі не адбудзецца”.

Праваабаронца Алег Волчак распавёў суду пра вынікі незалежнага расьсьледаваньня, якое правяла грамадзкая камісія, створаная хутка пасьля зьнікненьня Захаранкі. Пасьля расклейваньня ўлётак у квартале, дзе зьнік Захаранка, былі запісаныя паказаньні 6 ананімных сьведкаў. Тое, што яны бычылі захоп чалавека, падобнага на Захаранку, супала. А адзін са сьведкаў, былы міліцыянт, нават дакладна сказаў, што захопленым быў Юры Захаранка. Паводле словаў Волчака, пра гэтага сьведку потым стала вядома афіцыйнаму сьледзтву, але на допыце ад сваіх паказаньняў ён адмовіўся.

Кропка у працэсе, які пачаўся сёньня, будзе пастаўленая хутчэй за ўсё заўтра, калі сьледзтва прадставіць даведку, што пра лёс Захаранкі нічога невядома.
XS
SM
MD
LG