Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРНАЛІСТКА РАДЫЁ СВАБОДА ГАННА СОЎСЬ УГАНАРАВАНАЯ ПРЭМІЯЙ БЕЛАРУСКАГА ПЭН-ЦЭНТРУ


Ягор Маёрчык, Менск

Народны паэт Беларусі, сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру Генадзь Бураўкін ускрывае капэрту і абвяшчае рашэньне журы...

(Бураўкін: ) “Пастанова журы па літаратурных прэміях Беларускага Пэн-Цэнтру... Ганараваць прэміяй імя Алеся Адамовіча спадарыню Ганну Соўсь — за сэрыю высокапрафэсійных перадачаў, прысьвечаных грамадзкай акцыі абароны ўрочышча Курапаты, якія прагучалі на хвалях Беларускай службы Радыё Свабода. Прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Васіль Быкаў”.

Ужо з мэдалём на грудзёх і букетам кветак у руках Ганна Соўсь трымае прамову перад дэлегатамі зьезду Беларускага Пэн-Цэнтру:

(Соўсь: ) “Я хацела бы выказаць вялікую ўдзячнасьць сябрам Пэн-Цэнтру за такую высокую адзнаку маёй журналісцкай працы, за такую высокую адзнаку самога Курапацкага чыну, за павагу да Курапатаў. Для мяне гэта было сапраўднай нечаканасьцю, бо я сюды прыйшла з “свабодаўскім” дыктафонам. Тым самым, які ў Курапатах некалі ледзь не пабілі амапаўцы, тым самым, які не спрацаваў, калі ў Курапатах было халадней за 20 градусаў марозу. Асабіста для мяне Курапаты — гэта ўнікальная магчымасьць дакрануцца да трагічнай беларускай гісторыі і найбольш поўна адчуць гэтую тэму жыцьця й сьмерці, тэму ахвяраў і катаў, злачынства й пакараньня. Я вельмі ўдзячная лёсу, што былі гэтыя восем месяцаў. Але яны ня скончаныя. Змаганьне за Куратапы пряцягваецца”.

На ўручэньні прэміі імя Алеся Адамовіча прысутнічала адна з заснавальніцаў Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная. Яна амаль штодня бараніла Курапаты цягам васьмі месяцаў. Спадарыня Кляшторная ацэньвае ўнёсак Ганны Соўсь:

(Кляшторная: ) “Мяркую, то сапраўды Ганна шмат папрацавала. Такім чынам ня толькі сьвет пазнаў пра Курапаты, але нават шмат хто ў Беларусі”.

Уручэньне прэміі імя Алеся Адамовіча стала заключнай часткаю сходу Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Да гэтага дэлегаты абралі галоўнага рэдактара газэты “Наша ніва”, дырэктара часопіса “ARCHE” Андрэя Дынька першым віцэ-прэзыдэнтам арганізацыі. Ягоная праграма складаецца зь 10 пунктаў:

(Дынько: ) “Беларускі ПЭН-Цэнтар мусіў быў пераўтварыцца ў беларускі ПЭН-клюб, адкрыты для ўсіх сваіх сяброў і нават несяброў-літаратараў, у інтэлектуальны асяродак, у асяродак інтэлектуальнага жыцьця, у дыскусійны клюб, дзе выпрацоўваюцца, адпрацоўваюцца і напрацоўваюцца ідэі”.

Другім віцэ-прэзыдэнтам абраны Валянцін Тарас. Пасаду віцэ-прэзыдэнта заняў Уладзімер Някляеў. У склад абноўленай Рады Беларускага Пэн-Цэнтру ўвайшлі: Міхась Тычына, Уладзімер Арлоў і Сяргей Законьнікаў.

Сход таксама прыняў у ганаровыя сябры ПЭН-Цэнтру журналіста Паўла Мажэйку. Мікола Маркевіч уступіў у ПЭН-Цэнтар раней.
XS
SM
MD
LG