Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭДУАРД МАЛАФЕЕЎ АДМАЎЛЯЕЦЦА ТРЭНІРАВАЦЬ ФУТБОЛЬНУЮ ЗБОРНУЮ БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Адной з прычынаў свайго рашэньня Малафееў назваў нічым не падмацаваныя крытычныя нападкі на яго з боку шэрагу СМІ. Аднак крыніцы ў Міністэрстве спорту сьцьвярджаюць, што дзяржава парушыла ўмовы кантракту, у выніку чаго падаткі Малафеева склалі траціну ад заробленых грошай.

Спробы кіраўніцтва Фэдэрацыі футболу пераканаць Малафеева пакуль засталіся бяз плёну: трэнэр праігнараваў заплянаваную на сёньня сустрэчу з прэзыдэнтам фэдэрацыі Рыгорам Фёдаравым. Як распавёў у тэлефоннай размове адзін з супрацоўнікаў Фэдэрацыі, крок Малафеева для іх незразумелы і нелягічны. Спасылкі на тое, што ён, маўляў, дасягнуў пэнсійнага веку і наўрад ці можа быць карысны для каманды, гучаць непераканаўча. Усясьветная практыка ведае мноства прыкладаў, калі высокіх вынікаў дасягаюць менавіта трэнэры ў паважным веку — Мальдзіні, Мілуцінавіч, Лабаноўскі.

Малафееў таксама пакрыўдзіўся на журналістаў шэрагу мэдыяў, якія, паводле яго, “зьмешваюць з брудам усе ягоныя заслугі перад Беларусьсю”.

Але ўдалося высьветліць, што менавіта Фэдэрацыя ўскосна датычная да рашэньня Малафеева сыйсьці ў адстаўку. На апошняй справаздачнай канфэрэнцыі Малафееў быў скрытыкаваны, што каманда не патрапіла ў фінальную частку сёлетняга чэмпіянату сьвету. Да таго ж, як раз у гэты час у выніку праверкі Дзяржкантролю Малафеў пазбавіўся як мінімум траціны заробленых грошай — пры тым, што, паводле кантракту, ганарары за выступы зборнай падаткам абкладацца ня мусілі.

Таму наўрад ці журналісты маюць да кроку Малафеева перашачарговае дачыненьне — лічыць спартовы аглядальнік беларускай газэты “Звязда” Алесь Сівы.

(Сівы: ) “Тое, што былі крытычныя выступы прэсы — гэта цалкам натуральна, бо любая каманда не без граху. Таму крыўдаваць на прэсу няма сэнсу. Больш непакоіць пазыцыя, якую займаюць дзяржаўныя чыноўнікі, — на ўсе пытаньні адказваюць аднолькава: “не для прэсы”.

Чаму насамрэч Эдуард Васільевіч так зьнянацку, перад адказным матчам, падаў заяву на адстаўцы? Я, дарэчы, сёньня з Малафеевым размаўляў, ён сказаў: ёсьць афіцыйная заява, дзе маецца абгрунтаванае рашэньне. Пакуль жа ролю галоўнага трэнэра будзе выконваць Эдуард Стральцоў”.

Пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева беларуская зборная правяла ці ня лепшы свой гульнявы цыкль. Цягам мінулага адборнага турніру да Чэмпіянату сьвету ў Японіі ды Паўдзённай Карэі у беларусаў амаль да апошняга захоўваліся тэарэтычныя шанцы на тое, каб патрапіць у фінальную частку. Да таго ж, былі выйграныя ўсе таварыскія сустрэчы гэтага сэзону: тры ў рамках Кубку LG у Маскве (у зборных Расеі, Украіны і Югаславіі) і нядаўняя кантрольная гульня з латышамі. Усе адмыслоўцы пры гэтым канстатуюць, што цяперашні склад нацыянальнай каманды як ніколі моцны і сіта да эўрапейскага першынства ў Партугаліі выхаванцам Малафеева прайсьці цалкам рэальна. А таму любыя спробы зьмены кіраўніцтва могуць нэгатыўна паўплываць на маральны клімат у камандзе.

У беларускай фэдэрацыі футболу тым часам паведамілі, што сёньня або заўтра на трэніровачнай базе ў “Стайках” зьбяруцца вышэйшыя спартовыя функцыянэры, гульцы зборнай Беларусі, якія чарговы раз паспрабуюць пераканаць Малафеева не сьпяшацца рабіць пасьпешлівыя высновы і пакідаць каманду. Пакуль што Малафееў сьцьвярджае, што не зьбіраецца мяняць прынятых рашэньняў.
XS
SM
MD
LG