Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ЎЛАДЫ ПААБЯЦАЛІ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМ ВЫКАНАЦЬ УСЕ ІХ ПАТРАБАВАНЬНІ МЯСЦОВАГА РОЎНЮ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

1 верасьня раніцай усе рэчавыя рынкі горада Магілёва не працавалі. Да іх упершыню далучыліся часткова камэрцыйныя шапікі і Цэнтральны калгасны рынак Магілёва, дзе гандлююць харчовымі прадуктамі.

На Цэнтральным рынку гандлявалі сёньня толькі пэнсіянэры, каўказцы да некалькі сялянаў, якія прывезьлі ў горад мяса. Кіраўніцтва рынку і раёну злавалася, называла страйк “сабатажам” і абяцала да наступнага аўторку знайсьці новых гандляроў на свабодные месцы.

Страйкуюць прадпрымальнікі ня толькі Магілёва, але і раённых цэнтраў – Быхава, Шклова, Мсціслава, Бялынічаў, Асіповічаў, Слаўгараду і іншых гарадоў вобласьці. Раёны далучыліся да цэнтру ўпершыню ў гісторыі прадпрымальніцкага руху.

Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Магілёва Сяргей Фамін:

(Фамін: ) “Вельмі радуе той факт, што нас падтрымала ўся вобласьць. Аддаленыя раённыя цэнтры, зь якімі не хапала сіл і сродкаў працаваць, самі выйшлі на нас у гэты страйк і яны нас падтрымліваюць”.

Усе прадпрымальнікі Магілёва, якія страйкавалі, сабраліся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады на рынак “Задняпроўскі”. Прыйшлі каля дзьвюх тысяч чалавек.

Пакуль актывісты прадпрымальніцкіх прафсаюзаў і прадстаўнікі ўладаў удакладнялі патрабаваньні, прыватнікі горача абмяркоўвалі, колькі ім страйкаваць і ці трэба чакаць новыя рэспрэсіі.

(Спадарыня: ) “У нас няма іншага выйсьця, мы ня здолеем усё гэта пацягнуць. А што у нас могуць адабраць? А што ў нас ёсць? Чаго нам баяцца?”

(Спадарыня: ) “Мы кормім свае сем'і, сваіх сваякоў, сваіх дзяцей, сваіх прадаўцоў. Мы не крадзем, не рабуем. Мы цягаем кайстры па 50 кіляграмаў на сябе. Мы стаім у 30-40-градусны мароз, але ні ў каго ні капейкі не просім”.

(Спадар: ) “Так няхай нашыя кіраўнікі адкрыюць рахункі ў банку і свае грошы туды здаюць. Але яны ж не хочуць. Добрыя грошы. Відаць, па мільёну, і па два атрымліваюць. А настаўнікі атрымліваюць капейкі. Калі мы не даб'емся., то настаўнікі праз два-тры дні таксама застрайкуюць!”

(Спадарыня: ) “У нас грошы на асфальце не растуць. Трэба яшчэ меркаваць, як іх зарабіць”.

(Спадарыня: ) “Я сябра рады рынку. Я патрабавала дакумэнты на праверку – усяго толькі, і з-за гэтага мяне пазбавілі месца, зь першага раза…”

(Спадар: ) “Мы будзем страйкаваць да таго часу, пакуль усё не застанецца хаця б на ранейшым роўні. Мы хочам пракарміць сваю сям'ю і зрабіць цывілізаваную Беларусь, каб яна квітнела!”

На сходзе прадпрымальнікаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Алег Табанюхаў паабяцаў выканаць усе патрабаваньні прыватнікаў, якія ў кампэтэнцыі мясцовай улады. Крок зразумелы, бо толькі ў мінулым месяцы ў Магілёве ад прадпрымальнікаў паступіла паўмільярда рублёў падатку.

Прыватнікаў заклікалі спыніць страйк, але яны вырашылі праз тры дні ў чацвер зноў сабрацца на рынку, каб прадстаўнікі гарвыканкаму прад'явілі дакумэнтальнае пацьверджаньне сваіх абяцаньняў.

Акрамя гэтага, Магілёўская гарадзкая арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі выступіла з адмысловай заявай з нагоды страйку, а прадстаўнік арганізацыі Ўладзімер Гайдукоў зьвярнуўся з прамовай. Прадпрымальнікі вырашылі разам з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй падаць заяўку на мітынг пратэсту 15 верасьня, дзе вылучаць свае патрабаваньні да кіраўніцтва краіны і Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG