Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СЛОВА – ЯНО НЕПАДСУДНАЕ…”


Ул. інф.

(Маркевіч:) “Я думаю, што апошнія гадзіны я буду дома. Ураньні я пляную, што я прывяду ў парадак паперы, напішу ўсем лісты, ўсім сваім сябрам, знаёмым. Мяркую, што далучуся да жончыных клопатаў па зьбіраньні нейкіх валізкаў, пагуляю, магччыма, сходзім у парк… Я дакладна ня ведаю, але гэта абавязкова будзе жонка і дачка”.

(Караткевіч: ) “Павал, а Вы?”

(Мажэйка: ) “Я пачаў апошнія падрыхтаваньні ўжо сёньня, адаслаў усім сваім знаёмым па электроннай пошце лісты, дзе напісаў, маўляў, зьяжджаю заўтра на год, выбачайце, калі я раптам на які ваш ліст не адкажу. Сабраў сваё працоўнае месца, неабходныя дакумэнты, сабраў кніжкі, набыў падручнік ангельскай мовы. Вечар пляную правесьці разам з бацькамі. І спадзяюся добра выспацца”.

(Караткевіч: ) “Я б хацела ўдакладніць, калі вы прыбываеце на месца вашага прызначэньня, які маршрут?”

(Мажэйка: ) “Мы плянуем выехаць заўтра цягніком Горадня-Гомель у 22.37 і прыблізна каля 5-6 гадзін ранку я буду ў Жлобіне, ну а Мікола гадзіны на дзьве раней”.

(Лукашук: ) “Мікола і Павал, вы не маглі б расказаць крыху, каго вы пакідаеце ў Горадні, хто ў вас з блізкіх, родных застаецца?”

(Маркевіч: ) “У мяне ў Горадні застаецца сям’я. Гэта мае дзеці – сын, дачка – жонка. І ёсьць яшчэ адна сям’я – рэдакцыя газэты “Пагоня”. Мы пакідаем гэтую сям’ю таксама тут, і вельмі спадзяемся, што і адна сям’я, і другая годна вытрымаюць тое, што нас напаткала”.

(Лукашук: ) “Мікола, а ў якім узросьце вашыя дзеці і чым займаюцца?”

(Маркевіч: ) “У мяне трое дзяцей. Старэйшаму сыну 20 гадоў споўнілася тры дні таму, сярэдняму сыну 18 споўнілася днямі таксама, а дачцэ трынаццаць з паловай гадоў – школьнікі, студэнты”.

(Мажэйка: ) “У дадатак да Міколавых словаў: мы сёньня зрабілі перадвыездную, апошнюю “сьвяточную” нараду ў рэдакцыі.

Я пакідаю тут на год у Горадні сям’ю – у мяне маці, бацька, 17-гадовая сястра, якая паступіла ўва ўнівэрсытэт на факультэт псыхалёгіі”.

(Лукашук: ) “Мікола, раскажыце, дзе працуюць вашыя бацькі, у якім яны ўзросьце?”

(Маркевіч: ) “Мой бацька знаходзіцца ў вёсцы Чэрнічы, гэта на Тураўшчыне, фактычна гэта прыгарад Турава. Мама памерла, а бацька – пэнсіянэр, яму 70 гадоў. Займаецца сваім прысядзібным участкам. Вырошчвае вельмі добрыя памідоры і вельмі іх шмат”.

(Лукашук: ) “І як ён паставіўся да навіны пра вашую ссылку?”

(Маркевіч: ) “Дзякаваць Богу, мне вельмі пашанцавала зь сям’ёй. Брат, сястра, жонка, дзеці і бацька… Фактычна бацька мяне ўзгадаваў вось у гэтым рэчышчы, і тое, што я рабіў у “Пагоні”, тое, што я рабіў перад “Пагоняй”, і тое, што я буду рабіць цяпер – фактычна гэта прадукт майго дзеда, майго бацькі… Мы ўсе аднаадумцы, і асабліва аднадумцы ў стаўленьні да сёньняшняга рэжыму”.

(Караткевіч: ) “Калі Мікола – галава сям’і, то Павал – зусім малады чалавек. Павал, як вашыя бацькі паставіліся да таго, што адбываецца?”

(Мажэйка: ) “Мяне, шчыра кажучы, ужо крыху бянтэжыць, нэрвуюць гэтыя ўзгадваньні пра тое, што я “даволі малады чалавек” і г.д. Мне здаецца, што я ў дастатковым узросьце, каб адказваць за свае дзеяньні, за свае ўчынкі, за лёс краіны. Можа, недарэчы параўнаньне, але ўзгадайце, колькі гадоў было Каліноўскаму, большасьці адраджэнцаў пачатку 20-га стагодзьдзя. А што да бацькоў, то сапраўды, людзей, якімі б я больш ганарыўся ў сваім жыцьці, я напэўна так сходу і не назаву, і наўрад ці яны ёсьць. Канечне, маці – як кожная маці – паставілася спачатку крыху так нэрвова, маўляў, можа ня варта было… Але калегі, суседзі, сваякі падтрымлівалі яе і нашу сям’ю, і паступова ўсё стала на свае месцы. Мая сям’я – гэта асноўная крыніца, адкуль я бяру энэргію для свайго жыцьця”.

(Лукашук: ) “Павал, назавіце, калі ласка, як завуць вашых бацькоў і чым яныы займаюцца”.

(Мажэйка: ) “Мой бацька Іван Браніслававіч, дарэчы, сёньня ён выйшаў на пэнсію, працаваў у праваахоўчай сыстэме. Маці – Сафія Міхайлаўна, хатняя гаспадыня, займаецца хатнімі справамі і выхаваньнем маёй сястры Тацяны”.

(Караткевіч: ) “Цяпер я хацела б перайсьці ўжо да іншых адчуваньняў, якія магчыма будуць чакаць вас там, на месцы прызначэньня. Што вы ведаеце пра гэтыя месцы, якая ідзе маральная, інтэлектуальная падрыхтоўка да прыбыцьця ў Жлобін і Асіповічы? Як вы будзеце спрабаваць жыць у тым грамадзтве, сярод тых людзей, дзе ня будзе сяброў, паплечнікаў?”

(Маркевіч: ) “Я ўпэўнены, што і ў Асіповічах, і ў Жлобіне ў нас будуць сябры. Я думаю, што і ў месцах, куды мы накіроўваемся, таксама ёсьць людзі. Так, яны зьняволеныя, так, яны зрабілі штосьці супрацьпраўнае, але гэта людзі, і я спадзяюся, што гэтыя людзі выдатна разьбіраюцца ў тым, што адбываецца ў гэтай краіне, і я спадзяюся, што ўрэшце рэшт мы знойдзем сваё месца там. Прынамсі, мы гатовыя да гэтага маральна. Я ўжо быў у самых розных сытуацыях, каб трошкі прагназаваць, як нас там сустрэнуць, як там сябе паводзіць. Прынамсі, я падрыхтаваны, напрыклад, да таго, што я буду, як і тут, законапаслухмяным прыстойным чалавекам, які ня будзе падводзіць людзей, які будзе выконваць свае абяцаньні, які будзе выконваць тое, што там будзе прызначана. Адзіная мяжа, канечне, за якой сапраўды могуць адбыцца нейкія канфлікты, гэта калі будуць прыніжаць маю чалавечую годнасьць. Тыя людзі, якія пойдуць на гэта, сустрэнуць адпор”.

(Лукашук: ) “Я хацеў бы задаць пытаньне і Паўлу, і Міколу. Павал ужо згадаў, што ў свой заплечнік ён кладзе падручнік ангельскай мовы. Якія кнігі вы бярэце з сабой?”

(Мажэйка: ) “Я ўжо практычна вырашыў: я вазьму з сабой “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча – гэта для мяне кніга, у якой я, перачытваючы, знаходжу сябе заўсёды, і я маю патрэбу перачытваць яе штолета. У мяне ўзьнікае такая невытлумачальная патрэба. Вось у гэтым годзе я яшчэ не чытаў. А што тычыцца паэзіі – я яшчэ ня вырашыў, што гэта будзе”.

(Маркевіч: ) “У мяне таксама ўжо гэтае пытаньне вырашанае. На мой дзень народзінаў мае сябры, калегі з рэдакцыі падаравалі выдатны падарункавы варыянт “Новай зямлі” Якуба Коласа. З гэтым творам у мяне зьвязаныя такія ўспаміны: у школе наш настаўнік на памяць ведаў усю гэтую паэму, і што мне запала ў галаву – гэта гучала вельмі прыгожа, гэта быў вельмі сымпатычны, прыгожы чалавек, ён шмат паўплывваў на маё станаўленьне, і мне хацелася б паўтарыць гэта – што чалавек ведае на памяць “энцыкляпэдыю беларускага жыцьця” – так ён акрэсьліваў гэта.

Акрамя таго, я заўсёды нашу з сабой Івана Буніна – мне вельмі падабаецца гэтая проза, я проста жыву ёю, у мяне таксама ёсьць такая патрэба заўсёды хоць на пару хвілін акунуцца ў гэтую прозу, паспытаць гэтае асалоды, зноў і зноў вяртацца да яе”.

(Караткевіч: ) “Зараз я чытаю навіны з Горадні ў газэце “Пагоня” ў інтэрнэце. Вы сказалі, што ўжо дадзеныя апошнія распараджэньні, парады рэдакцыі, і газэта надалей будзе інфармаваць чытачоў пра тое, што адбываецца, ня толькі ў Горадні. Як вы плянуеце кантактаваць з рэдакцыяй? Думаецца, што ў гэтых гарадах будзе цяжкавата з інтэрнэтам, ты больш у вашым статусе…”

(Маркевіч: ) “Павал, давай ты. Зараз ты, потым я”.

(Мажэйка: ) “У мяне ўся праблема заключаецца ў тым, што горад Жлобін у мяне абсалютна ні з чым не атаесамляецца. Я наагул не ўяўляю, што гэта за горад, што там за людзі жывуць і г.д. Адзінае што, я сёньня з дапамогай інтэрнэту паспрабаваў высьветліць гэтыя пытаньні. Там ёсьць сетка – як гэта – лінія мабільнай сувязі. Ня ведаю, можа быць, гэта нейкім чынам дазволіць нам вырашыць праблему сувязі з рэдакцыяй. Напэўна там ёсьць пошта ці нейкія ўстановы, адкуль можна будзе зьвязвацца з нашымі калегамі”.

(Маркевіч: ) “Па-першае, газэта “Пагоня”, сёньня ў інтэрнэт-вэрсіі, будзе выходзіць. Я атрымаў запэўненьні ад сяброў, якія застаюцца тут, што нават больш актыўна, і ў інфармацыйнай прасторы мы паспрабуем падняцца на супеньку вышэй, нават у адсутнасьць маю і Паўла. Для мяне гэта вельмі важна, бо што б там ні адбылося, усё-ткі ёсьць справа жыцьця, якой я аддаў добры кавалак сваіх сілаў, і я хацеў бы, каб нават у гэтых умовах мы паказалі завадатарам гэтай справы, што нельга судзіць Слова, таму што яно непадсуднае – не таму што яго няможна засудзіць, вынесьці яму прысуд, а таму што яно няўлоўнае, яно ўсюдыіснае, гэта Слова амаль у біблейскім значэньні гэтага слова. Я вельмі спадзяюся таксама на тое, што ў найбліжэйшыя месяцы выйдзе таксама папяровы варыянт газэты, якая будзе спадкаемніцай “Пагоні”, і тыя людзі, якія думалі, што саслаўшы нас далёка ад Гарадзеншчыны яны папсуюць гэтыя пляны – яны пераканаюцца ў тым, што яны ня маюць рацыі. Безумоўна, самая галоўная праблема – гэта сувязь.”

(Лукашук: ) “Адно з апошніх пытаньняў: як вядома, за апошнія гады нямала беларускі актывістаў, бізнэсоўцаў, дэпутатаў патрапілі за краты або ў месцы пазбаўленьня волі. Славамір Адамовіч і Валеры Шчукін напісалі свае турэмныя нататкі зь месцаў зьняволеньня, Андрэй Клімаў і Ўладзімер Кудзінаў не зрабілі гэтага. Вы – прафэсійныя журналісты. Вашыя пляны?”

(Маркевіч: ) “Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Ёсьць адчуваньне, што сапраўды па выніках нашага побыту там, у гэтай установе, зьявіцца кніга. Я ня ведаю дакладна, ці будзе гэта агульная кніга, ці паасобку нейкія творы, але дакладна, для таго, каб змагацца з тым, што нас асудзіла, што сёньня пануе на Беларусі, трэба дакладна паказаць, што яно зь сябе ўяўляе. Мы зробім усё магчымае, каб гэтыя кнігі зьявіліся”.

(Караткевіч: ) “Мікола Маркевіч заўсёды крытычна рэагуе, калі выказваюцца словы спачуваньня ў такой сытуацыі, але я ўсё ж запытаюся, ці ня страшна вам ад таго, што вас чакае?”

(Маркевіч: ) “Што да мяне, то страх – гэта ня тое пачуцьцё. Страх – гэта калі чалавек абсалютна ня ведае, што яго чакае, тады страх апраўданы. Я прыблізна ўяўляю, што там жывуць беларусы, што гэта Рэспубліка Беларусь, што там людзі таксама пакутуюць ад тых жа наступстваў, што і мы з Паўлам, і таму страху няма. Але гаварыць, што яго няма зусім – магчыма, гэта таксама я пакрывіў бы душой… Любы нармальны чалавек, відаць, баіцца, што ў такой сытуцацыі яго могуць напаткаць нейкія правакацыі, але тая мэта, якую я сам сабе паставіў, вартая таго, каб ісьці на гэты страх і пераадольваць яго”.

(Мажэйка: ) “Веадеце, мяне сёньня напаўняюць толькі два пачуцьці: па-першае, я сапраўды задаволены тым, што гэтае хвалюючае чаканьне – што, дзе, калі і куды нас пашлюць – яно скончылася, мы ведаем гэтыя месцы адбыцьця пакараньня. І па-другое, сапраўды, мы едзем у Беларусь, там сапраўды жывуць нармальныя людзі, звычайныя, зь якімі можна кантактаваць, вырашаць нейкія пытаньні, зь якімі можна наагул рабіць нейкую агульную справу. Я асабіста не адчуваю сябе героем, у Беларусі ёсьць сотні журналістаў, якія больш прафэсійныя, чым я, і сотні людзей, журналістаў, якія больш мужныя, чым я… Ну калі выпала мне несьці нейкі… ну, крыж, лёс… я сапраўды гатовы, я раблю гэта, і я ўпэўнены, што мы разам зь Міколам зробім гэта з гонарам”.
XS
SM
MD
LG