Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ Ў ФОКУСЕ ЭЎРАПЕЙСКІХ СМІ


Ул. інф.

Як піша ўплывовая швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”, апошняе крамлёўскае бачаньне расейска-беларускай інтэграцыі зьявілася самай вялікай крыўдай для беларускага лідэра. Лукашэнка перакананы, што Крэмль хоча разбурыць тую ўнікальную мадэль аб’яднаньня, якую стварылі непасрэдна ён сам ды Ельцын. Усе папярэднія дамовы на шляху яе ажыцьцяўленьня даліся Лукашэнку вялікім потам і крывёю, – гаворыцца ў артыкуле ў “NZZ”. Паводле афіцыйнага Менску, пляны Пуціна не падтрымае ніводзін беларус, – піша швайцарскае выданьне.

Аднак наўрад ці ў дадзенным выпадку штосьці можа залежыць ад волі народаў, – лічаць эўрапейскія аглядальнікі. Лёсавызначальныя рашэньні ў той жа Расеі гістарычна рабіліся ня масамі, а палітычнымі элітамі. Як піша нямецкая “Die Welt”, што датычыць расейскай палітычнай эліты, то яна ўжо падлічыла, што ў выніку аб’яднаньня абедзьвюх дзяржаваў Расея стане на 300 кілямэтраў бліжэйшай да Захаду, ейны транзыт сыравіны ў ЭЗ ужо будзе праходзіць праз уласную, расейскую, тэрыторыю.

Іншае пытаньне, наколькі ўзмоцніць гэтае чарговае аб’яднаньне і без таго ня самую дасканалую расейскую эканоміку. Паводле “Die Welt”, размова пра аб’яднаньне можа ісьці толькі на падставе рэфармаваньня беларускай гаспадаркі. Мадэль узьяднаньня ФРН і НДР навукоўцы з Расейскай школы вышэйшай эканомікі разглядаюць як надзвычай дрэнную эканамічную апэрацыю.

Як піша “Die Welt”, праўдападобна, што ў пытаньнях стварэньня новай дзяржавы расейцы кансультуюцца зь міжнароднымі аналітыкамі. Аўтары артыкулу прыводзяць вытрымкі з адмысловых дасьледаваньняў экспэртаў МВФ у гэтай галіне. Заходнія адмыслоўцы папярэджваюць сваіх расейскіх калегаў: рэзкае падзеньне цэнаў на энэрганосьбіты можа ўтойваць вялікую пагрозу для будучага інтэграцыйнага праекту. У якасьці захадаў у часе пераходнага пэрыяду экспэрты МВФ прапануюць увесьці гнуткую сыстэму падаткаў і такі ж гнуткі абменны курс. Аналітыкі ўпэўненыя: у выпадку, калі ў Беларусі зьявіцца цьвёрдая валюта і калі ў краіну пойдуць інвэстыцыі, патрэбныя ўсяго пяць гадоў, каб жыхары гэтай краіны зажылі ня горш за расейцаў. Канечне, усе інтэграцыйныя захады магчымыя ў тым выпадку, калі Беларусь насамрэч хоча іншай эканамічнай сыстэмы, – лічаць заходнія аналітыкі.
XS
SM
MD
LG