Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ БУДАЎНІКІ ЎЗВОДЗЯЦЬ ПАДПОРНУЮ СЬЦЯНУ ЛЯ ПАГОРКУ


Ганна Соусь, Менск

Уладзімер Юхо, адзін з найбольш актыўных абаронцаў Курапатаў, штодня наведвае ўрочышча. Ён ведае ў Курапатах кожную ялінку, кожную сьцежку. Спадар Уладзімер летась першым заўважыў разбураную "лаву Клінтана", першым забіў трывогу, калі 20 верасьня ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі ў Курапатах пачалі высякаць дрэвы. Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо распавядае для Радыё Свабода пра тое, што адбывалася ў Курапатах цягам мінулага тыдня.

(Юхо: ) "У Курапатах вялікіх зьмен за гэты тыдзень не адбылося. Трубы, якія ляжаць на пляцы перад крыжом "Пакутнікам Беларусі", так і застаюцца тут. Іх не вывозяць, пры тым што абяцалі гэта зрабіць некалькі разоў. Мы непакоімся. Дзяжурства сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ працягваецца штодня. Мы ня верым у тыя словы, якія яны нам даюць. Кожны дзень прыяжджаюць розныя начальнікі, увесь час глядзяць на гэтыя трубы, на тое, што разбурана, засыпана. Пакуль што нічога адпаведна ня робіцца. Тунэль так і стаіць. Адное што – яны заасфальтавалі ўсю дарогу й працягваюць яшчэ адно пакрыцьцё рабіць".

Надоечы Ўладзімер Юхо быў сьведкам таго, як па кальцавой дарозе праяжджаў картэж дарагіх машынаў. Спадар Уладзімер мяркуе, што гэта Аляксандар Лукашэнка аглядаў, як ідзе рэканструкцыя кальцавой дарогі.

(Юхо: ) "Рабочыя казалі... І я тут быў у Курапатах, сам бачыў картэж з Лукашэнкам. Ён нідзе тут не прыпыняўся, ня бачыў, што тут зрабілі ў Курапатах. І на мой погляд, у яго думка адна – як зрабіць гэтую магістраль шырэйшую для хутчэйшай паездкі ў Крэмль”.

Уладзімер Юхо заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс Курапатаў, прыходзіць на талокі, якія ладзяць кожную суботу ва ўрочышчы сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Тым часам будаўнікі працягваюць узводзіць падпорную сьценку ля пагорку. Яна дасягае вышыні 1 мэтру 30 сантымэтраў і вырабляецца з бэтону бардовага колеру. У будучыні ў ёй будуць зробленыя адмысловыя ўстаўкі з граніту. Узводзяць сьценку будаўнікі зь Віцебшчыны.

(Карэспандэнтка: ) "У Вас на Віцебшчыне ёсьць свае "Шумілінскія Курапаты…"

(Будаўнік: ) "Ёсьць такія..."

(Карэспандэнтка: ) "А як Вы ставіцеся да тых падзеяў, што цягам апошняга году адбываліся ў Курапатах?"

(Будаўнік: ) "Мы працавалі ў другім месцы”.

(Другі будаўнік: ) "А што тут адбывалася?"

(Карэспандэнтка: ) "Вы ведаеце, што зусім блізка ад сьцяны – магілы?"

(Будаўнік: ) "Упісваецца яна сюды, паводле ўсіх палажэньняў. Будуць устаўкі гранітныя..."

(Карэспандэнтка: ) "Ці адчуваеце Вы дадатковую адказнасьць ад таго, што працуеце ў Курапатах?"

(Будаўнік: ) "Дзе б ні працавалі, усё трэба рабіць якасна”.

(Карэспандэнтка: ) "А як хутка будзе скончанае будаўніцтва гэтай сьценкі?"

(Будаўнік: ) "О, ня ведаю..."

Дадам, што цалкам кальцавая дарога будзе здадзеная празь некалькі месяцаў – 7 лістапада, у гадавіну кастрычніцкага перавароту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG