Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 ЖНІЎНЯ – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ЗЬНІКЛЫХ ЛЮДЗЕЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў сьцвярджаюць, што людзі ў Беларусі зьнікаюць з самых розных прычынаў. Першая, найвялікшая група – гэта тыя, хто вядзе антысацыяльнае жыцьцё. Другую групу складаюць людзі, схільныя да бадзяжніцтва. Гэта пераважна дзеці. Якраз яны і пераважаюць сярод тых, каму ўрэшце рэшт пашчасьціла знайсьціся жывым. Больш за дзьве сотні людзей штогод зьнікае ў выніку злачынстваў, прычым за апошнія гады гэтая група трывала павялічваецца.

Ёсьць яшчэ і зьніклыя ад палітычных злачынстваў, альбо тэрарыстычных актаў. Гэтак, прыкладам, праваабаронцы кваліфікуюць зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага і, магчыма, Юрася Корбана зь Віцебску. Іхнае зьнікненьне зьвязваецца з актыўнай апазыцыйнай дзейнасьцю. Але афіцыйна не прызнаецца, што ў Беларусі ёсьць ахвяры палітычных злачынстваў. Прыкладам, на прэсавых канфэрэнцыях міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, як раней ягоны папярэднік Уладзімер Сівакоў, неаднаразова заяўляў, што для іх няма розьніцы, зьнік былы міністар Захаранка, дэпутат Ганчар ці просты грамадзянін. Маўляў, гора для сваякоў аднолькавае, шукаць трэба ўсіх.

З гэтай тэзай немагчыма спрачацца, але фактам ёсьць тое, што ніводнае зьнікненьне палітычных дзеячоў дагэтуль не раскрытае, у той час як зьвесткі пра лёс большасьці звычайных зьніклых праз пэўны час з'яўляюцца.

Паводле афіцыфнай статыстыкі, штогод больш за тысячу зьніклых знаходзяць. І хаця сумны сьпіс за год папаўняецца ня меншай колькасьцю новых ахвяраў, гэта дае магчымасьць праваахоўчым органам рапартаваць пра дасягненьні ў пошуках зьніклых. Цяжка адназначна сказаць, чаго ў гэтых выніках больш – намаганьняў міліцыі ці зьбегу абставінаў. Самі міліцянты кажуць, што іхная праца ў справе пошуку зьніклых стала больш сыстэмнай. Заяўляюць пра ўзмацненьне апэратыўнай дзейнасьці ў адпаведным накірунку ды ў якасьці прыкладу прыводзяць зьяўленьне ў Менску бюро няшчасных выпадкаў. Бюро сапраўды дапамагае зрабіць больш хуткім працэс пошуку зьніклага ў вялікім горадзе. І будзе карысна, калі такія ж бюро няшчасных выпадкаў зьявяцца ў абласных цэнтрах Беларусі. Але ці зможа гэта заменіць працу сьледчых па пошуку людзей?

Мастак Уладзімер Уродніч, які тры гады шукае свайго зьніклага сваяка актора Андрэя Бубашкіна, скардзіцца на непаваротлівасьць беларускай міліцыі. Спадар Уродніч зьвярнуўся да журналітсаў расейскага тэлебачаньня і зь іх дапамогай высьветліў, што аўтамабіль, на якім зьніклы актор ехаў зь Нямеччыны ў Менск, ужо тры гады знаходзіцца на ўліку ў ДАІ Расеі. "Аўтамабіль прададзены цалкам законна”, – разводзіць рукамі сьледчы. Але што сталася з уладальнікам гэтага аўтамабіля, сьледчага па сутнасьці не цікавіць, – абураецца Уладзімір Уродніч:

(Уродніч: ) "Застаўся сын Андрэя, ён пойдзе ў першую клясу. Нехта ж павінен паклапаціцца пра яго, у тым ліку пра тое, каб ён ведаў, дзе ягоны бацька. Мы кажам, што ў нас ёсьць канстытуцыя, законы, але я нідзе ня чуў, каб мяне спыталі – магчыма вы, сям’я пацярпелага, маеце ў чымсьці патрэбу. Як вам дапамагчы?"

Такія ж пытаньні пра лёс свайго бацькі ставяць таксама Юра Завадзкі, Лена і Юля Захаранкі, Лера Красоўская, Андрэй Ганчар ды сотні дзяцей зьніклых з розных прычынаў беларусаў. Пакуль дзяржаўныя асобы не адкажуць на іх пытаньні, высокія чыноўнікі наўрад ці могуць лічыцца вартымі сваіх пасадаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG