Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Паводле гэтай праграмы кожны наведнік мястэчка можа з дапамогай адмыслоўцаў і паводле старажытнай тэхналёгіі зрабіць посуд, зброю, апрацаваць камень і мэтал і нават пажыць у жытле людзей, якія, магчыма, былі продкамі славянаў. Румынскія гісторыкі і археолягі распачалі плян арганізацыі турыстычнага цэнтру, а ўрад выдаткаваў на гэты і іншыя праекты адзін мільён даляраў.

АЎСТРАЛІЯ. Больш як 70 тысячаў аўстралійскіх грамадзянаў заявілі, што яны зьяўляюцца пасьлядоўнікамі веры джэдаяў – рэлігіі, створанай на падставах сэрыялу “Зорныя войны”. Нядаўны перапіс насельніцтва, які прайшоў у краіне, паказаў, што 0,37% жыхароў вераць у Сілу – таямнічае прыроднае энэргетычнае поле, якое ствараецца жывымі істотамі, атачае іх і працінае іх сваёй сутнасьцю, паўсюль пранікае і зьвязвае ўсё ў Галактыцы. Аўстралійскае статыстычнае бюро заявіла, што вера ў Сілу будзе трапляць у катэгорыю “нявызначаных”, аднак улады Вялікай Брытаніі ўжо ўлучылі гэтую веру ў сьпіс рэлігіяў, якія існуюць на тэрыторыі Аб’яднанага Каралеўства.

ФРАНЦЫЯ. Францускі навуковец Жак Бар’яр пасьля 10 гадоў дасьледчыцкай працы, аднавіў у рысунках дакладны вобраз аднаго зь сямі старажытных “цудаў сьвету” – Фароскага маяка ў Александрыі. Маяк быў пабудаваны паводле загаду цара Пталамея ІІ прыблізна ў 279 годзе да новага часу і прастаяў больш як 1600 гадоў, пакуль не загінуў у выніку землятрусу 1375 году. Будаўніком маяка быў Састрат Кніцкі. Цуд сьвету стаўся сымбалем эліністычнае Александрыі. Чакаецца, што ў сёлетнім лістападзе вялікі макет маяка будзе выстаўлены на міжнароднай выставе ў Парыжы. Зь сямі старажытных цудаў сьвету да нашага часу дажылі толькі эгіпэцкія піраміды.

РАСЕЯ. 27 жніўня ў Маскве ва ўзросьце 95 гадоў памерла апошняя зорка расейскага нямога кінэматографу, бліскучы мадэльер Анэль Судакевіч. Творчы шлях акторкі пачаўся ў 1920-х гадох зь фільму “Перамога жанчыны”. Затым былі фільмы кінафабрыкі Межрабпром: “Русь”, “Зямля ў палоне”, “Дом на Трубнай”, “Пацалунак Мэры Пікфард” і “Нашчадак Чынгісхана”. У росквіце кар’еры, расчараваная акторскай працай, Анэль Судакевіч пакінула кіно і стала тэатральнай мастачкай. Яна працавала ў першым савецкім доме мадэляў, а потым галоўным мастаком Дзяржаўнага цырку па касьцюмах. У 1940-х гадох Судакевіч зьнялася ў эпізодзе фільма “Іван Жахлівы”, а ў 1970-х – у “Маленькіх трагедыях” у Швэйцара. Памерлая была жонкай вядомага танцора Асафа Мэсэрэра. Іхны сын Барыс – знакаміты тэатральны мастак.

ЗША. Кінакампанія MGM зачыніла тры інтэрнэт-старонкі, прысьвечаных Джэймсу Бонду, і абвінаваціла іх у парушэньні аўтарскіх правоў. На форумах гэтых старонак абмяркоўваўся сцэнар апошняга фільму “Die Another Day”, якога яшчэ няма ў пракаце. Адпаведна, сцэнар навінкі зьяўляецца камэрцыйнай таямніцай. На думку кінакампаніі, сапраўдныя аматары фільму маюць права даведацца пра ягоны зьмест у часе самастойнага прагляду і пазбаўляць іх гэтага задавальненьня – бесчалавечна.

АЎСТРАЛІЯ. Электроннае сховішча Аўстралійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Канбэры няспынна папаўняецца фотаздымкамі і відэакліпамі з парнаграфічных інтэрнэт-старонак. Паводле кіраўніцтва бібліятэкі, калекцыя зьбіраецца з мэтай “скласьці поўны малюнак аўстралійскай эротыкі ў інтэрнэце”. “Дасьледаваньне грамадзтва і ягонай культуры немагчымае без вывучэньня ягонага сэксуальнага жыцьця,” – сказана ў афіцыйным мэмарандуме бібліятэкі.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Уладальнік брытанскага інтэрнэт-часопісу ship-of-fools.com Сайман Джэнкінс пераклаў Эвангельле на мову смайлікаў і сеткавых абрэвіятураў, якую ўжываюць пераважна тыя, каму няма 30. На думку перакладчыка, такая Біблія прыцягне да веры больш моладзі, чым звычайная, напісаная вельмі нязручнай для разуменьня мовай. Гэткім чынам Джэнкінс разьлічвае прыцягнуць да веры нават скептыкаў, якія ў перакладзе пазначаныя наступным чынам: :-/

ЗША. У бібліятэку Вашынгтонскага ўнівэрсытэту з прыватнай калекцыі трапіў рэдкі гістарычны дакумэнт – будыйскі манускрыпт першага-другога стагодзьдзяў нашага часу, які складаецца з васьмі скруткаў напісаных на мове гандхары. Гэтай роднаснай санскрыту мовай размаўлялі жыхары мясцовасьці Гандхара, якая знаходзілася на тэрыторыі сучасных усходняга Афганістану і паўночнага Пакістану. Тэкст дакумэнту ўяўляе сабой камэнтары-правілы выкананьня будыйскіх сутраў. Якасьць дакумэнту выдатная. Тры чвэрці яго ўжо расшыфраваныя. Рэшта працы стане магчымай, калі ўнівэрсытэт зможа выкупіць манускрыпт ў ягонага ўладальніка.

РАСЕЯ. Паводле апытаньня, праведзенага фондам “Грамадзкая думка”, 30% расейцаў зусім не чытаюць кніжак. Асабліва шмат гэтых людзей сярод тых, хто мае няпоўную сярэднюю адукацыю, альбо чый узрост за 50. Найчасьцейшая прычына адмовы ад кнігі – недахоп часу. Потым ідуць: кепскі зрок, нелюбоў да кніжак зь дзяцінства і вялікія кошты на кнігі.
XS
SM
MD
LG