Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫСУДЖАНЫЯ ДА ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ ЖУРНАЛІСТЫ МІКОЛА МАРКЕВІЧ І ПАВАЛ МАЖЭЙКА АТРЫМАЛІ НАКІРАВАНЬНЕ Ў СПЭЦКАМЭНДАТУРЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Журналістаў газэты “Пагоня” засудзілі за паклёп на прэзыдэнта, гэта артыкул 367, частка другая Крымінальнага кодэксу. Прысуд 24 чэрвеня зачытала судзьдзя Тацяна Клімава: Міколу Маркевічу — 2,5 года абмежаваньня свабоды, Паўлу Мажэйку — 2 гады. 15 жніўня калегія абласнога суду выкарыстала палажэньне аб амністыі, і кожнаму з журналістаў тэрмін пакараньня зьменшылі на 1 год.

Тое, што абодвух журналістаў “Пагоні” высылаюць з Гарадзеншчыны, стала нечаканасьцю для іх. У аўторак іх паставілі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Кастрычніцкага раёну Горадні. Дакумэнты ў сталіцу ў камітэт па выкананьні пакараньняў пайшлі днём раней. Начальнік інспэкцыі падпалкоўнік Савіч сказаў Міколу Маркевічу, што месца іхнага накіраваньня стане вядомым праз паўтары-два тыдні. Ён таксама заспакоіў, што жыхароў вобласьці накіроўваюць адбываць пакараньне ў яе межах – у 99 адсотках выпадкаў, бо спэцкамэндатураў на Гарадзеншчыне не бракуе – хіба што папросіць пацярпелы бок, каб выслалі куды падалей.

Аднак сёньня журналістаў раптоўна выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, бо ўжо так хутка стала вядома, куды іх накіруюць. Месцы гэтыя былі названыя: у абодвух выпадках — сельскія спэцкамэндатуры: у Зэльвенскім раёне, на поўдні Гарадзенскай вобласьці — для Міколы Маркевіча, і ў Ашмянскім, ля мяжы зь Літвой — для Паўла Мажэйкі.

Паводле словаў Маркевіча, калі дакумэнты на яго ўжо былі амаль гатовыя, раздаўся званок, затым яшчэ некалькі. Падпалкоўнік Савіч пасьля гэтага сказаў, што афармленьне дакумэнтаў прыпыняецца і запрасіў прыйсьці ў канцы дня.

А шостай гадзіне вечара Міколу Маркевічу выдалі іншае накіраваньне – у горад Асіповічы Магілёўскай вобласьці, а Паўлу Мажэйку — у Жлобін Гомельскай вобласьці. Яны павінны зьявіцца там не пазьней за 1 верасьня. Інакш іх чакае пакараньне. Ніякай літасьці ад уладаў журналісты і не чакалі. Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Нам прадпісана 1 верасьня зьявіцца ў спэцкамэндатуры. І ў гэты самы момант, калі мы будзем станавіцца на ўлік, у Міры Карэліцкага раёну будзе адбывацца ўсебеларускае сьвята беларускага пісьменства і друку”.

Маркевіч падкрэсьлівае, што гэтае сьвята праводзіцца на фоне зьнішчэньня беларускіх газэт. За апошні час перасталі існаваць некалькі незалежных выданьняў. Большасьць — зьнішчылі ўлады.

(Маркевіч: ) “Зьнішчаецца беларускае пісьменства, беларускае школьніцтва. І на гэтым фоне будзе адбывацца, на мой пункт гледжаньня, сапраўдны пір падчас чумы. Няма ніякіх дасягненьняў у гэтай улады адносна беларускага пісьменства і друку, а ёсьць толькі адныя злачынствы”.

Пра свае пачуцьці гаворыць карэспандэнт “Пагоні” Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Нічога іншага я не чакаў ад цяперашняй улады, ад людзей, якія кіравалі гэтым працэсам. Магчыма, яны думалі, што гэтым самым — выкінуўшы нас далёка ўглыб Беларусі, яны запалохаюць нашых калегаў. Я думаю, сытуацыя павернецца наадварот. Гэта будзе сыгнал да кансалідацыі беларускіх журналістаў, да змаганьня за вольную прэсу і вольную незалежную Беларусь”.

У суботу ўвечары Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка зьедуць цягніком Горадня—Гомель. Ім выдалі грошы на квіткі ў агульным вагоне. Пры сабе журналісты павінны мець рабочую вопратку, грошы на харчаваньне – на першы час і працоўную кніжку.
XS
SM
MD
LG