Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ УКРАІНЫ ПРАПАНУЕ НАДАЦЬ БОЛЬШ ПРАВОЎ ПАРЛЯМЭНТУ


Віталь Тарас, Прага

Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма правёў учора закрытую нараду кабінэту міністраў, на якой абмяркоўваліся магчымыя зьмены ў канстытуцыі краіны. Мэта гэтых зьменаў, паводле Леаніда Кучмы – умацаваньне ролі парлямэнту ў палітычным ладзе дзяржавы. Апошнія прапановы прэзыдэнта Ўкраіны зараз шырока абмяркоўваюцца ўкраінскімі палітыкамі й палітолягамі.

Падчас свайго тэлезвароту 24 жніўня з нагоды чарговай гадавіны незалежнасьці Ўкраіны Леанід Кучма заклікаў рэфармаваць мадэль дзяржаўнага ладу. Ён прапанаваў ураду і Вярхоўнай Радзе як мага хутчэй распачаць працу над зьменамі ў Канстытуцыі. На ўчорашняй нарадзе, дарэчы, прыстунічалі сьпікер парлямэнту Уладзімер Літвін і прадстаўнікі некалькіх парлямэнцкіх фракцыяў.

У сваім тэлевыступе Кучма заявіў, што “ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных традцыяў, пры слабых палітычных партыях прэзыдэнт павінен быў браць на сябе адказнасьць за прыняцьцё важных рашэньняў, і перш за ўсё, у пытаньнях эканомікі”. Аднак, цяпер, на думку Кучмы, “для далейшага разьвіцьця краіны неабходна перайсьці да іншай палітычнай сыстэмы: парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі”.

Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук вітаў ініцыятыву Кучмы, назваўшы яе крокам насустрач апазыцыі. Аднак, многія палітаглядальнікі лічаць, што Кучма кіруецца асабістымі палітычнымі інтарэсамі. Апазыцыя, у прыватнасьці, абвінавачвае прэзыдэнта ў карупцыі і датычнасьці да забойства журналіста Георгія Гангадзэ.

Дырэктар кіеўскага Незалежнага інстытуту дзяржаўнасьці і дэмакратыі Іван Лазавы мяркуе, што заручыўшыся падтрымкай большасьці ў парлямэнце, Кучма зможа захаваць прэзыдэнкую пасаду на трэці тэрмін, хоць гэта забаронена дзейнай канстытуцыяй.

(Лазавы: ) “Перад ім стаіць тая праблема, што самы папулярны зараз палітык у краіне Віктар Юшчанка мае ўсе шанцы выйграць прэзыдэнцкія выбары. І тут Леанід Данілавіч мусіць лічыцца і з тым, што гэта для яго будзе азначаць. Гэта можа азначаць пазбаўленьне многіх людзей розных пасадаў, страту сваіх крэслаў. Шмат зь іх могуць пачаць уздымаць пытаньне пра самога Кучму, ягонае атачэньне, ягоную сям’ю, ягоныя бізнэсовыя інтарэсы, якія ўскрываюцца падчас розных скандалаў, якія пачынаюць назапашвацца з кожным тыднем. Адна з украінскіх газэт на мінулым тыдні апубліквала матэрыял пра новую яхту, кошт якой складе мінімум 6 мільёнаў даляраў і якая была падараваная Кучму, нібыта, асбаіста Дубінаю. А гэта прэм’ер-міністар Украіны, які ёсьць фаварытам, пратэжэ самога Леаніда Кучмы”.

На думку Івана Лазавога, ініцыятыва прэздэнта не перашкодзіць плянам украінскае апазыцыі вывесьці сёлета ўвосені масы людзей на дэманстрацыі пратэсту.

Аднак вядомы палітоляг Міхайла Паграбінскі лічыць, што Кучма кіруецца, найперш, адчуваньнем неабходнасьці спыніць канфлікт паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай, каб даць Украіне шанец далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу.

(Паграбінскі: ) “Я думаю, што ён лепей за іншых ведае, наколькі неэфэктыўна працавалі заканадаўчыя і выканаўчыя ўлады цягам усіх тых гадоў, калі ён кіраваў дзяржавай. І разумее, што той эўрапейскі выбар, пра які ён любіць казаць, ня можа быць рэалізаваны да таго часу, пакуль існуе няўзгодненасьць у стасунках паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай. Я думаю, ён даўно пераканаўся, што патрэбная парлямэнцкая большасьць, каб ствараць урад, і што роля прэзыдэнта мусіць зьмяніцца і ў замежнай палітыцы, і ў якасьці галоўнага камандуючага”.

На пытаньне: чаму менавіта цяпер Леанід Кучма высунуў сваю ініцыятыву? – Міхайла Пагрэбінскі адказвае так:

(Паграбінскі: ) “Калі нешта можна зрабіць, дык толькі зараз. Таму што для гэтага патрэбныя два гады, і трэба, каб гэта быў прэзыдэнт, які сыходзіць. Таму што новаму прэзыдэнту ўжо не захочацца скарачаць свае паўнамоцтвы. Таму калі прэзыдэнт разважаў над тым, каб зрабіць такі неабходны крок у гісторыі ды ўвайсьці ў яе эўрапейскім рэфарматарам, ён мусіў гэта зрабіць менавіта зараз, бо для гэтага патрабуюцца два гады”.

Варта нагадаць, што ў свой час Леанід Кучма выступіў ініцыятарам “усенароднагам рэферэндуму” з мэтай умацаваньня менавіта прэзыдэнцкай улады. Цяпер, як бачым, палітычная сытуацыя ва Ўкраіне мяняецца.
XS
SM
MD
LG