Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЗАСТАНУЦЦА БЯЗ ПРАЦЫ БОЛЬШ ЗА 4000 СУПРАЦОЎНІКАЎ СЫСТЭМЫ АДУКАЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

У абласной управе адукацыі патлумачылі, што скарачэньне перш за ўсё датычнае намесьнікаў дырэктараў у справе выхаваньня, пэдагогаў-арганізатараў, лябарантаў, шматлікага тэхнічнага пэрсаналу.

Напалову абмяжоўваюцца выдаткі нават на кляснае кіраўніцтва. Паводле слоў намесьніцы начальніка адукацыйнае ўправы Галіны Круглей, такім чынам для абласнога бюджэту будуць зэканомленыя 3 мільярды 180 мільёнаў рублёў.

Гэтыя лічбы, аднак, ня цешаць тых, хто патрапіў пад скарачэньне. Распавядае выхавацелька Надзея Смаляк:

(Смаляк: ) “Зараз мне 49 гадоў — і ні туды, і ні сюды. І на пэнсію зарана, і ўладкавацца нідзе не магу. Што за стаўленьне такое! Я ўсё жыцьцё на адным месцы працавала выхавацелькаю, і зараз проста выкінутая на вуліцу”.

Яна працавала ў мікрараёне “Касцюкоўка” ў садку №67, які наагул зьліквідавалі. Чыгуначны аддзел адукацыі прапанаваў Надзеі Смаляк езьдзіць на працу ў Навабеліцкі раён гораду, прыкладна за 20 кілямэтраў. Жанчына не пагадзілася і стала на ўлік беспрацоўных у Цэнтры занятасьці насельніцтва. Сюды ўжо прыйшлі й іншыя выхавацелькі, у прыватнасьці, Натальля Васільева і шматдзетная маці Марыя Краўчанка.

А настаўнікаў у Цэнтры чакаюць пасьля 2 верасьня, калі ў школах пачнуцца заняткі й стане канчаткова ясна, хто застаўся бяз справы. У гарадзкіх школах, як стала вядома, скарачаецца каля 300 супрацоўнікаў. Праўда, загадчыца аддзелу адукацыі Ларыса Кузьняцова сьцьвярджае наступнае:

(Кузьняцова: ) “Хачу сказаць, што калі й датычыць скарачэньне пэдагогаў у Гомелі, то мы імкнемся гэтыя пытаньні вырашаць так, каб людзі не былі выкінутыя на вуліцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG